У цэнтры Гродна на плошчы Леніна працягваецца акцыя пратэсту. Ізноў тысячы людзей, дзяржаўнае гарадское тэлебачанне вяло прамую трансляцыю.

У першых шэрагах рабочыя “Гродна-Азот”, “Хімвалакно”, іншых прадпрыемстваў. Незлічоная колькасць бела-чырвона-белых сцягоў.

Сёння да народа выйшлі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, абласнога Савета. Перад імі былі пастаўленыя патрабаванні, на якія яны мусяць адказаць.

На большасць пытанняў адказвае старшыня абласнога Савета Ігар Жук. Паводле яго, створаны грамадскі Савет згоды горада Гродна з уключэннем у яго склад прадстаўнікоў грамадскасці і ўлады. Ёсць рашэнне гарантаваць правядзенне масавых акцый у цэнтры горада. Выканана патрабаванне забяспечыць правядзенне прамога эфіра масавых акцый. З сённяшняга дня гэта дзейнічае.

Але яго перабіваюць вядучыя і нагадваюць, што першае патрабаванне – адстаўка Лукашэнкі з пасады прэзідэнта. Людзі на плошчы голасна падтрымліваюць патрабаванне.

Мы выканалі ўсе патрабаванні, якія датычацца горада Гродна. Астатнія вашы пасылы будуць накіраваны ўраду і прэзідэнту, ЦВК”, – кажа выступоўца.

Шум і свіст тысяч людзей заглушаюць яго словы. Ніхто з гэтым не пагаджаецца. Спадар Жук спрабуе сказаць, што ўсе затрыманыя ў Гродзенскай вобласці за выключэннем некалькіх чалавек адпушчаныя на свабоду. Ізноў усё заглушаюць крыкі: “Свабоду”, “Не верым!”

Дэпутатка Ірына Луганская спрабуе пераканаць публіку, што ў Беларусі ўсё добра і варта гэта захаваць.

А тое, што вы патрабуеце зараз – гэта тое самае, што ў часы сталінскіх рэпрэсій – патрабавалі немагчымага. Мы жывём у прававой дзяржаве, такія паўнамоцтвы ёсць толькі ў Вярхоўнага суда”, – перакананая дэпутатка.

У адказ цэлая плошча скандуе: “Ухадзі, ухадзі!”.

Мадэратар нагадвае дэпутатам, што людзі хочуць канкрэтных адказаў. Ён зачытвае патрабаванне: арыштаваць і прыцягнуць Ярмошыну і членаў ЦВК да крымінальнай адказнасці. Адказу ізноў няма, дэпутаты гавораць пра іншае.

Урэшце, да іх гучыць апошняе пытанне: ці лічыце вы, што выбары былі сфальсіфікаванымі?

Яны ўсе перакананыя, што вынікі выбараў ніхто не фальсіфікаваў. Пад свісты і крыкі яны зыходзяць з плошчы.

Мітынг працягваецца, людзі абураны тым, што прадстаўнікі ўлады не адказалі на іх пытанні. Заўтра чарговы мітынг. Ізноў на плошчы Леніна.

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым телеграм-канале.

Поделиться: