14 жніўня ў Жлобіне каля прахадной Беларускага металургічнага завода сабраліся на мітынг рабочыя, якія адпрацавалі змену альбо спецыяльна прыехалі, будучы не занятыя ў гэты дзень на вытворчасці. Яны патрабавалі спыніць гвалт над жыхарамі, якія выйшлі пасля выбараў на мірныя пратэсты, вызваліць арыштаваных, даследаваць факты жорсткага збіцця людзей.

Спыніце гвалт альбо мы спынім плавільныя печы”,– патрабавала грамада.

Разрашаць сітуацыю прыехаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей ды іншае мясцовае начальства.

Адзін з рабочых запытаўся ў старшыні: “Учора мая дачка спала. Дадому да яе ўварваліся ў масках мянты, груба кажучы, бандыты. Забралі мужа, вазілі дзве гадзіны ў міліцыю, у пракуратуру. У яе двое маленькіх дзетак, тэлефануе мне уся ў слязах, заплаканая. У яе сцяг вісіць бел-чырвона-белы. Дзяцей напалохалі малых. Хто за гэта адкажа?

Салавей адказвае: “Што датычыцца вашага факта  падавайце ў Следчы камітэт. Па супрацьпраўных фактах, якія былі здзейснены, будзе разбіральніцтва. Я даю вам слова губернатара – мы па кожнаму факту разбярэмся…”.

Рабочыя – а гэта пракладна паўтысячы чалавек уключна з прыехаўшымі да прахадной БМЗ прадпрымальнікамі – заглушылі старшыню скандаваннем: “Выпускай! Выпускай!

Што датычыцца “выпускай”, то сёння ўсе будуць выпушчаны, апроч тых радыкалаў, якія ўчынілі супрацьпраўныя дзеянні”, – дадаў чыноўнік.

“А хто абараняўся?” – слушна ўдакладнялі мітынгоўцы.

Я не кажу пра тых, хто абараняўся”, – заўважыў старшыня.

Увечары  Генадзь Салавей абцаў даць адказы на ўсе іншыя пастаўленыя пытанні ў ДК металургаў,  куды ён запрасіў старшыню Жлобінскага райвыканкама і начальніка раённай міліцыі.

Намеснік генеральнага дырэктара БМЗ па пытаннях персаналу і ідэалагічнай працы Андрэй Кулакоўскі паведаміў, што мітынг цягнуўся каля дзвюх гадзін.

Наш інтарэс у тым, каб рытмічна працавала прадпрыемства. Палітычныя пытанні задавалі губернатару, ён на іх адказваў. Закраналіся і пытанні працы міліцыі, але ўсё гэта я ўжо каментаваць не магу. Галоўнае, што мы ні на хвіліну не спынялі вытворчасць”, – сказаў Андрэй Аляксеевіч.