15 жніўня ў Гродне адбываецца шматтысячны мітынг на плошчы Леніна. Бел-чырвона-белыя сцягі, неперадаваемая атмасфера ўзнёсласці і галоўная мэта – дамагчыся змены ўлады. На акцыю гродзенцы ідуць цэлымі сем’ямі. Ніводнага міліцыянера ў форме, але паўсюль выключны парадак і паразуменне.

Мітынг распачалі з хвіліны маўчання па загінуўшаму мінчаніну падчас пратэстаў супраць дыктатуры Аляксандру Тарайкоўскаму. А пасля было зачытана патрабаванне да мясцовых улад. Пад ім падпісаліся прадстаўнікі аб’яднанага штабу Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, а таксама працоўныя калектывы “Гродна-Азот”, “Хімвалакно”, “Белкард”, “Гроднажылбуд” і грамадскія арганізацыі.

Патрабаванні, якія прагучалі:

– адстаўка Аляксандра Лукашэнкі;
– неадкладнае вызваленне ўсіх палітзняволеных;
– неадкладная адстаўка і арышт кіраўнікоў МУС, у тым ліку АМАПа, за прымяненне траўматычнай і агнястрэльнай зброі ў адносінах да ўдзельнікаў мірных акцый;
– неадкладная адстаўка і арышт членаў ЦВК на чале з Лідзіяй Ярмошынай за арганізацыю масавых фальсіфікацый выбараў.

Пасля кожнага зачытанага пункта падоўгу гучалі апладысменты. Былі таксама зачытаны патрабаванні да мясцовых органаў улады:

– стварыць савет народнага даверу горада Гродна з прыцягненнем у яго ў тым ліку прадстаўнікоў органаў улады;
– гарантаваць свабоду мірных сходаў грамадзян, гродзенцы павінны мець права збірацца ў любым месцы;
– за кошт буджэта забяспечыць мірныя сходы грамадзян тэхнічнай апаратурай, медыйным суправаджэннем у прамым эфіры дзяржаўных СМІ, а таксама медыцынскім саправаджэннем;
– адмяніць рашэнні, вынесеныя па адміністрацыйных справах за ўдзел у акцыях і вярнуць людзям ужо аплачаныя штрафы, прынесці публічныя прабачэнні ўсім затрыманым і кампенсаваць матэрыяльныя страты;
– зрабіць галоснымі ўсе выпадкі парушэння закона супрацоўнікамі МУС, прыцягнуць да адказнасці вінаватых асобаў;
– прысутнасць дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці ў панядзелак 17 жніўня ў 19.00 на мірнай акцыі пратэста, якая адбудзецца ў Гродне на плошчы Леніна;
– гарантаваць замацаванае заканадаўствам права кожнага чалавека на забастоўку;
– выключыць пераслед і запалохванне ў любой форме работнікаў, якія прынялі рашэнне далучыцца да забастоўкі;
– апублікаваць дакумент з патрабаваннями ва ўсіх дзяржаўных СМІ да 18 жніўня 2020 года;
– забяспечыць выступы ў прамым эфіры прадстаўніку а-б’яднанага штаба Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікам дэмакратычнай грамадскасці Гродна.

Зноў – апладысменты, крыкі падтрымкі, авацыі. Пасля гэтага кожны жадаючы меў магчымасць падысці да мікрафона і выказацца. Людзі доўгі час не разыходзяцца з плошчы. На цэнтральных вуліцах Гродна сігналяць машыны, мінакі адказваюць аўтамабістам крыкамі і падняццем рукі.

У Гродне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і арышту Ярмошынай

У Гродне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і арышту ЯрмошынайУ Гродне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і арышту ЯрмошынайУ Гродне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і арышту Ярмошынай

Поделиться: