На здымку: гомельскі СІЗА

У Гомелі 11 жніўня сілавікі працягвалі пераследаваць і разганяць грамадзян, які збіраліся нават невялікімі групамі ў цэнтры горада. Іншых забіралі з кватэр і нават з працы.

А дзесятай гадзіне міліцыя вывела з кватэры ў адных майтках 16-гадовага Мікіту Залатарова. Суседзі абурыліся, саромілі міліцыянтаў. І толькі пасля гэтага непаўнагадоваму хлопцу дазволілі апрануцца.

Мікіту забралі раніцай, а вечарам ён апынуўся ў рэанімацыі абласной дзіцячай бальніцы на вуліцы Жаркоўскага. Не ведаю, у якім ён стане: збіты ці з прыступам. Мяне ў бальніцу не пусцілі. У сына сур’ёзнае неўралагічнае захворванне, а ў яго нават лекаў з сабою не было”, – скрушна кажа Міхаіл, бацька Мікіты.
Ён, як толькі даведаўся, што сына забралі невядома куды і за што, стаў стукацца-грукацца ў раённыя аддзелы міліцыі.

“Мяне пасылалі прамым тэкстам нават на нумары “102”. І ў мясцовым Следчым камітэце заяву нехаця прынялі, ледзь не праз скандал”, – дадае Міхаіл Рыгоравіч.
Па крупіцах бацька высветліў, што сыну інкрымінуюць злоснае хуліганства – у яго нібыта была бутэлька з гаручай сумессю. Такому абвінавачваню бацька веры не дае – лічыць, што сілавікі хаваюць гвалт над непаўнагадовым хворым хлопцам.

Ездзіў на машыне па Савецкай

11 жніўня па абедзе міліцыянты ў цывільным затрымалі дома і 37-гадовага Яўгена Носава.

Напярэдадні мы з мужам, сяброўкай і дзецьмі выязджалі ў цэнтр горада. Былі ў “Бусліку” непадалёку ад “Камінтэрна”. Вяталіся ў наш спальны мікрараён па вуліцы Савецкай. Нічога муж не парушаў. А назаўтра прыйшлі. Відаць, з вулічных камер назірання ўзялі звесткі пра машыну. Мужа ў майцы і шортах прэвентыўна забралі ў ізалятар, а 12 жніўня ў Цэнтральным судзе пакаралі адміністрацыйным арыштам на 11 сутак”, – распавяла Хрысціна, жонка Яўгена Носава.

Пасля затрымання памёр 25-гадовы Аляксандр

12 жніўня стала вядома, што ў сухотнай бальніцы памёр 25-гадовы гамяльчанін Аляксандр Віхор, якога жорстка затрымалі ў асноўны дзень выбараў.

У Аляксандра, паводле слоў маці, было хворае сэрца. Аўтазакі працяглы час стаялі на санцапёку, бо ў ізалятарах быў “перагруз”. У душным аўтазаку затрыманаму стала блага, ён крычаў, прасіў паратунку. Канваіры замест таго, каб выклікаць “хуткую”, адвезлі маладога мужчыну ў псіхіятрычны шпіталь. Там хутка разабраліся, што патрэбны не псіхіятр. Суседняя медычная ўстанова – абласная сухотная бальніца. Туды і павезлі аўтазакам Аляксандра. Урачы яго ратавалі, але было запозна.

“Хапун” быў запушчаны на поўную моц

Па звестках праваабарончага цэнтра “Гомельская вясна”, пасля нядзельных прэзідэнцкіх выбараў у Гомелі затрымалі каля паўтысячы чалавек, нязгодных з падлікам галасоў на выбарах.

За два дні, – кажа праваабаронца Леанід Судаленка, – толькі да мяне асабіста звярнулася амаль сто чалавек. Яны шукалі сваіх дзяцей, мужоў, сяброў. Інфармацыі пра затрыманых міліцыя не дае – ІЧУ, СІЗА, наколькі вядома, перапоўненыя. Людзі пакутуюць ад няведання таго, што здарылася з іх роднымі”.

Прэвентыўныя “хапуны” адбываліся ў Жлобіне, Светлагорску, Мазыры, Жыткавічах.

Запушчаны судовы канвеер у дачыненні затрыманых, аднак і ў суды многія не могуць дагрукацца, каб даведацца пра лёс сваіх блізкіх.

 

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым телеграм-канале.