Непрызнаны беларускімі ўладамі Саюз палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс зладзіў побач з Генеральным консульствам Польшчы на вуліцы Будзёнага ў Гродне ланцуг салідарнасці.

Каля ста чалавек стаяць уздоўж дарогі з кветкамі і бела-чырвонымі сцягамі. З вакна бліжняга дома гучаць “Муры” Яна Качмарака. У ланцуг далучаюцца гродзенцы, якія праходзяць па вуліцы, бесперапынна сігналяць аўтамабілі.

Саюз палякаў салідарны з грамадскасцю Беларусі, якая адстойвае свае правы на праўду і справядлівасць.

У расцягнуўшымся ланцугу сустракаю першага кіраўніка Саюза палякаў Беларусі Тадэвуша Гавіна. Ён кажа, што нават цяжка казаць пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, асабліва калі бачыш тых людзей, якія выходзяць з Акрэсціна альбо нашых турмаў у Гродне.

Як гэтыя манкурты маглі здзеквацца так над нашымі людзьмі? – задаецца ён пытаннем. – Брат падняў руку на брата – гэта ніколі не даруецца. Многіх ужо зрабілі інвалідамі, яны ніколі не змогуць стаць здаровымі. Я лічу, што Лукашэнка мусіць адысці, а Ціханоўская –законнаабраны прэзідэнт Беларусі. А іх прабачэнні цяпер нам не патрэбныя. І выпусціце палітзняволеных: Ціханоўскага, Бабарыку, Статкевіча, Севярынца…”.

Спадар трымае ў руках бела-чырвона-белыя кветкі. Ён беларус і далучыўся да акцыі таму што тут усе выступаюць за вольную Беларусь: “Я проста ўжо не ведаю такіх слоў, як заклікаць людзей да сумлення. Што яны нарабілі? Нас усіх вучылі ў адных школах сумленню і прыстойнасці. Куды гэта ў іх знікла?”.

Маладая жанчына Эльжбета з маленькай дачушкай. Яна гродзенка і полька, ёй не ўсё роўна, што адбываецца ў яе краіне: “Мне страшна глядзець, што твораць з беларускім народам, хоць сама я ўжо жыву ў Польшчы. Мне страшна за дзяўчат і хлопцаў, якія выйшлі з турмаў (плача). Тое, што яны распавядалі, як іх білі – гэта немагчыма. У нашым класе ў Гродне вучыліся 25 чалавек і толькі 7 з іх засталіся жыць у Беларусі”.

Пані Рышарда ўжо ў перадпенсійным веку. Трымае ў руках кветкі і бела-чырвоны сцяжок. “Колькі яшчэ гэта цярпець, – на добрай беларускай мове кажа яна. – Мы хочам праўды і чэсных выбараў. Мы не фашысцкая дзяржава”.

Валанцёры падносяць людзям ваду і белыя балоны.

"Мы хочам праўды і чэсных выбараў" — Саюз палякаў у ланцугу салідарнасці"Мы хочам праўды і чэсных выбараў" — Саюз палякаў у ланцугу салідарнасці"Мы хочам праўды і чэсных выбараў" — Саюз палякаў у ланцугу салідарнасці"Мы хочам праўды і чэсных выбараў" — Саюз палякаў у ланцугу салідарнасці