Фота: EPA-EFE/YAUHEN YERCHAK

13 жніўня кіраўнікі Гродна і вобласці сустракаліся з рабочымі прадпрыемстваў, якія звярнуліся да ўладаў з патрабаваннямі спыніць бязмежжа міліцыі і паказаць людзям праўдзівыя вынікі выбараў

Начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Вадзім Сіняўскі, калі рабочыя “Хімвалакно” запыталі яго аб празмернай жорсткасці супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманні пратэстуючых, адказаў, што гатовы выслухаць усе прэтэнзіі ў адрас міліцыі: “Мне сорамна за асобныя дзеянні, якія былі праяўлены. Але ў нас не было іншага выйсця ў асобных сітуацыях. І там, дзе мы нанеслі неабаснаваны ўрон, у тым ліку фізічную шкоду здароўю нашых грамадзян. Мы абавязкова разбярэмся. Я вам гэта абяцаю”.

Апраўдваўся напярэдадні ў эфіры тэлеканала АНТ і міністр унутраных спраў Юры Караеў. Ён заявіў, што бярэ адказнасць на сябе за траўмы выпадковых людзей на пратэстах і прыносіць прабачэнні.

Увесь свет бачыў кадры, як наляталі на мірных людзей, якія проста гулялі па вуліцы сем’ямі. Ёсць кадры, як стралялі па вокнах жылых дамоў, як збівалі гумовымі палкамі ляжачых людзей. Ёсць сведчанні, як катавалі затрыманых у аўтазаках і ізалятарах.

Ці хопіць апраўданняў і выбачэнняў міліцэйскіх начальнікаў маці з Ліды, сына якой, па яе словах, у міліцыі збівалі, кожныя 15 хвілін аблівалі ледзяной вадой, трымалі на падлозе тварам з рукамі за галавой? Шэсць гадзін!

Падобных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі зафіксавана процьма.

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым телеграм-канале.