Фота Jurasikt

Артысты тэатра заяўляюць, што прыпыняюць паказ спектакляў да вырашэння існуючай сітуацыі ў краіне і ініцыююць працэдуру абвяшчэння забастоўкі. 

У звароце яго аўтары пішуць:

Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з трывогай сочыць за тым, што адбываецца ў нашай краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Вельмі смуткуем па загінулых і вялізнай колькасці пацярпелых у вулічных пратэстах. Лічым, што асноўная адказнасць за тое, што адбываецца, ляжыць на дзейнай уладзе.

Мы патрабуем ад усіх сілавых структур неадкладна спыніць гвалт адносна мірных грамадзян, якія маюць законнае канстытуцыйнае права на свабоду збораў і выказвання сваіх меркаванняў. Адвольныя затрыманні без тлумачэння прычын і нічым не вытлумачальная жорсткасць з’яўляюцца прамым парушэннем закону.

Зараз неабходны выключна мірны дыялог. Весці барацьбу супраць уласнага народу – гэта шлях у нікуды. Гэтага не здарылася б, калі б у краіне адбыліся празрыстыя і справядлівыя выбары. На вялікі жаль, ёсць маса падстаў не давяраць лічбам, агучаным ЦВК. Краіна, у якой існуе вялізны дэфіцыт даверу да ўлады, пазбаўленая будучыні.

У дадзены момант зняць напружанне дапамог бы просты крок: адкрыты і празрысты пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў, прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у прэзідэнты і грамадскасці. Выбар народа павінен быць безумоўна прыняты ўсімі.

Мы заклікаем улады выпусціць усіх затрыманых падчас гэтай выбарчай кампаніі, уся віна якіх заключаецца ў тым, што яны выказваюць альтэрнатыўнае меркаванне. Мы прыпыняем паказ спектакляў да вырашэння існуючай сітуацыі і ініцыюем працэдуру абвяшчэння забастоўкі.

Вельмі спадзяемся на мірнае вырашэнне сітуацыі і на тое, што розум і закон у нашай краіне перамогуць”.

Поделиться: