Валерый Карбалевіч

Палітычны крызіс, пачатак якога супаў з пачаткам выбарчай кампаніі, паступова пераходзіць у вельмі вострую стадыю. Двое загінуўшых (адзін у Мінску, другі ў Гомелі), сотні параненых, тысячы затрыманых. І прычына крызісу вельмі банальная, у свеце такое здараецца не ўпершыню. Аўтарытарны лідар, прайграўшы выбары, пра што сведчаць шматлiкiя факты, адмаўляецца саступаць уладу.

Звычайна супрацьстаянне адбываецца паміж рознымі часткамі грамадства. Беларускі раскол прайшоў па іншай лініі: паміж народам і ўладай, паміж грамадствам і дзяржаўнымі інстытутамі. За ўсю выбарчую кампанію вы бачылі хоць адну грамадскую акцыю ў падтрымку Лукашэнкі? Былі два пікеты, але лепш бы іх не праводзілі. Прывезеныя на мікрааўтобусах людзі баяліся размаўляць з журналістамі.

З самага пачатку Лукашэнка зрабіў стаўку на брутальную сілу. Раней так не было. У прэзідэнцкай кампаніі 2006 года ўлады амаль тыдзень трывалі акцыі апазіцыі на вуліцы. І ў трагічны дзень 19 снежня 2010 года пратэстоўцаў некалькі гадзін ніхто не чапаў, пакуль не сталі біць дзверы ў Доме ўрада.

Цяпер жа міліцыя стала хапаць усіх, хто сабраўся на вуліцах, мірна стаяў ці хадзіў, нешта крычаў. То бок пратэст ад пачатку быў мірны, і першымі сілу прымянілі супрацоўнікі МУС. І рабілі гэта з небывалай жорсткасцю. Упершыню ў гісторыі Беларусі яны ўжылі супраць пратэстоўцаў дымавыя шашкі, гумовыя кулі, вадамёты. Так паводзіць сябе акупацыйнае войска на акупаванай тэрыторыі ў адносінах да чужога народа, якога не шкада. І каб падштурхнуць мірных, талерантных беларусаў да фізічнага супраціўлення, гэта трэба добра пастарацца.

Стаўка на голую сілу – я лічу, гэта не адзіная памылка Лукашэнкі. Яшчэ адзін пракол – напісаць сабе 80 працэнтаў…

Поўны тэкст калонкі Валерыя Карбалевіча чытайце ў газеце «Народная Воля» за 14 жніўня