Руслан Парфёнаў (справа) на пікеце ў Мазыры дыскутуе з выступоўцам, скрыншот з відэа праваабарончай арганізацыі «Палеская Вясна»

У сюжэце на канале АНТ паказалі рэпартаж, у якім актывістаў «Страны для жизни» абвінавацілі ў падрыхтоўцы забурэнняў. Аднаго з іх назвалі Русланам Парфёнавым. Але сябры і маці кажуць, што гэта не ён, перадае “Свабода”.

У пачатку сюжэту паказалі спінай чалавека, якога назвалі жыхаром Мазыру, актывістам супольнасьці «Страна для жизни» Русланам Парфёнавым. Закадравы голас апавёў, што Парфёнаў прызнаўся ў вырабе металічных вожыкаў, каб спыняць тэхніку сілавых органаў.

Сябры і маці Руслана кажуць, што чалавек у кадры зусім не падобны на Руслана.

«Руслан мажны, высокі, а тут нейкі хударлявы юнак, на 10 гадоў маладзейшы», — сказаў “Свабодзе” сябар Руслана Андрэй.

Маці Руслана Людміла зазначыла, што «яшчэ ніколі не бачыла такой хлусні».

«У нас быў вобшук, пыталіся пра „вожыкі“. Я кажу: „А расцяжкі вам не трэба знайсці? Можа, мне 900 тысяч долараў пакінеце, як Ціханоўскаму, дык я хоць крэдыты сплачу?“», — сказала маці Руслана Парфёнава.

Яе сына затрымалі 6 жніўня. Сваякоў не дапусцілі на суд.

«Нас ганялі з суду ў ізалятар, з ізалятару ў міліцыю. На суд не пусцілі. Даведаліся толькі пра вынік — 10 сутак. За што — ніхто не сказаў», — дадала Людміла.

Поделиться: