Яўген Шчур. Фота з адкрытай крыніцы

У вёсцы Браніслаў Жыткавіцкага раёна 8 жніўня міліцыя паўторна затрымала незалежнага назіральніка на выбарах Яўгена Шчура.

Пра гэта затрыманы сам паспеў паведаміць гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку, які і сам  з’яўляецца доўгатэрміновым назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Міліцыя згледзела на асфальце ў вёсцы выяву характэрнай казяўкі і надпіс «Стоп, таракан!». З гэтай прычыны і забралі незалежнага назіральніка ў міліцыю для разбіральніцтва.

Леанід Судаленка паведаміў, што а 16-й гадзіне Шчур патэлефанаваў яму і паведаміў, што  яго прэвентыўна затрымліваюць да 11 жніўня, а вінавацяць ужо ў парушэнні парадку арганізацыі  ці правядзення масавага мерапрыемства – паводле артыкула 23.34 КаАП.

5 жніўня Яўгена ўжо затрымлівалі міліцыянты. Ён правёў ноч у ізалятары. У вёсцы Браніслаў Шчур жыве ў маці і з’яўляецца назіральнікам на выбарчым участку ў мясцовай школе на падставе даверу аднавяскоўцаў. Але як толькі ён зайшоў у школу, дырэктарка Галіна Блоцкая выклікала міліцыю. Назіральніка судзілі за «дробнае хуліганства»,  бо ён, як пазначана ў пратаколе, «наўмысна, з хуліганскіх памкненняў, не маючы прычын наведвання школы, ігнараваў патрабаванні дырэктара школы пакінуць рэжымны аб’ект, чым сваімі дзеяннямі парушыў грамадскі парадак і дзейнасць арганізацыі».

Жыткавіцкі раённы суд пакараў Шчура штрафам у тры базавыя велічыні (81 рубель). Верагодна, новае затрыманне абернецца для назіральніка арыштам.

Стала вядома і пра затрыманне ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна назіральніка Андрэя Доўжыка. Ён акрэдытаваны на выбарчым участку №40. Напярэдадні Андрэя не дапусцілі назіраць за датэрміновым галасаваннем. Ён напісаў скаргу на імя старшыні камісіі, а калі пайшоў аддаваць яе, то атрымаў папярэджанне міліцыянта: маўляў, прыйдзеш яшчэ раз на ўчастак, атрымаеш «суткі». І вось ужо суткі Андрэй не выходзіць на сувязь.