Уладзімір Няпомняшчых

Маштабнае паляванне на незалежных назіральнікаў і актывістаў каманды альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай разгарнулі сілавікі на Гомельшчыне.

7 жніўня суд Цэнтральнага раёна Гомеля пакараў 15-суткавым арыштам Уладзіміра Няпомняшчых, нядаўняга прэтэндэнта ў “кандыдаты пратэсту”. Апошнім часам Уладзімір вёў назіранне за датэрміновым галасаваннем на ўчастку №16 Цэнтральнага раёна горада, дакладней – звонку ўчастка. Назіраў з калегай за хадой галасавання праз акно, бо на участак не пусцілі з-за эпідэміялагічнай сітуацыі.

Увечары 5 жніўня Уладзіміра затрымалі непасрэдна каля ўчастка і адразу адправілі ў ІЧУ за непадпарадкаванне – ён нібыта садзіўся на зямлю і не хацеў ехаць у міліцыю.

На судзе Няпомняшчых заявіў, што гэта мана. Аднак суддзя Віктар Казачок вярнуў назіральніка назад у ізалятар – на паўмесячны арышт.

Суд у Жыткавічах пакараў штрафам у тры базавыя велічыні (81 рубель) назіральніка Яўгена Шчура з вёскі Браніслаў. Міліцыю выклікала дырэктарка мясцовай школы, бо назіральнік зайшоў “на рэжымны аб’ект”, дзе, дарэчы, месціцца выбарчы ўчастак.

На Гомельшчыне міліцыя палюе на незалежных назіральнікаў і прыхільнікаў Ціханоўскай
Таццяна Канеўская

6 жніўня ўвечары міліцыя і АМАП уварваліся ў хату Канеўскіх – шукалі Таццяну Канеўскую, давераную асобу Ціханоўскай і заснавальніцу руху «Маці – 328». Незваныя госці перавярнулі ўсё дагары нагамі не толькі ў хаце, але і на гарышчы, у падвале, у прыбудовах. Сын Канеўскай распавёў, што матываў такіх сваіх паводзін сілавікі не назвалі, сказалі толькі, што ім «паступіў сігнал пра злачынства ў доме».

У Гомелі затрымалі і Юрыя Уласава, яшчэ адну давераную асобу Ціханоўскай, а таксама яе прыхільнікаў – Дзмітрыя Івашкова, Аляксандра Шабаліна і Андрэя Хільчыка. Пры затрыманні Івашкову парвалі вопратку, пашкодзілі нагу, руку і твар. У бальніцы яму накладвалі швы, а потым завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.

На Гомельшчыне міліцыя палюе на незалежных назіральнікаў і прыхільнікаў Ціханоўскай
Дзмітрый Івашкоў пасля затрымання міліцыяй. Фота https://belsat.eu

Улады не сталі чакаць 9 жніўня, а ўзяліся “зачышчаць” найбольш актыўных удзельнікаў альтэрнатыўнага кандыдата, каб не дапусціць масавых пратэстаў пасля абвяшчэння вынікаў выбараў, а заадно і назіральнікаў”, – лічыць гомельскі палітык і каардынатар незалежнага назірання Васіль Палякоў.

Па звестках праваабаронцаў, у Гомелі і Мазыры затрымана ў апошнія дні блізу дзесятка актывістаў.