Юры Баранюк, Ірына Рамалійская, Іван Грабянюк

Штатных карэспандэнтаў тэлеканала «Настоящее время» (праект Радыё Свабода) – Ірыну Рамалійскую, Юрыя Баранюка і Івана Грабянюка высылаюць з Беларусі, паведамляе Свабода са спасылкай на тэлеканал.

Журналістаў затрымалі сёння ўвечары ў гатэлі «Мінск» супрацоўнікі міліцыі. Прычынай назвалі працу без акрэдытацыі.

Рамалійская і Грабянюк з’яўляюцца грамадзянамі Украіны, Баранюк – грамадзянін Расіі.

«Затрыманыя журналісты прафесійна выконвалі сваю працу па асвятленні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тэлеканал «Цяперашні час» своечасова запытаў акрэдытацыю для сваіх журналістаў перад прэзідэнцкімі выбарамі, але яна ім не была прадастаўлена, – заявіла часова выконваючая абавязкі прэзідэнта мэдыякарпарацыі «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Еўропа» Дэйзі Сіндэлар. – Адмова ўладаў Беларусі своечасова акрэдытаваць нашых журналістаў – яшчэ адзін прыклад пагарды да правоў свабоднай прэсы і права грамадзян Беларусі на інфармацыю без цэнзуры».

«Мы абураныя затрыманнем нашых журналістаў і патрабуем выканання ўладамі прызнанага ва ўсім свеце права журналістаў на ажыццяўленьне сваёй прафесійнай дзейнасці», – сказала Сіндэлар.

Тэлеканал «Настоящее время» ужо некалькі тыдняў асвятляе выбары ў Беларусі і напярэдадні правёў чатырохгадзінны спецэфір з сарванага мітынгу Святланы Ціханоўскай. Толькі ў сацсетках яго паглядзелі больш за паўмільёна разоў.