Унучатая пляменніца Васіля Чапаева Марына з расійскага горада Саратаў звярнулася да Лукашэнкі з просьбай перадаць іх гораду дэмантаваны ў 2019 годзе помнік яе продка ў Гродне.

Свой зварот да Лукашэнкі жанчына запісала на відэа. У ім яна сцвярджае, што помнік яе продка ў Гродне “па-варварску знеслі з дапамогай адбойных малаткоў на патрабаванне вашых нацыяналістаў з “Маладога фронта”.  Яна нагадвае Лукашэнку, што Чапаеў быў героем грамадзянскай вайны і змагаўся супраць замежных інтэрвентаў у тым ліку і ў Саратаве.

Паводле унучатай пляменніцы, у іх горадзе ёсць вуліца імя Чапаева, а вось помніка няма і было б, маўляў, добра, калі б Лукашэнка аддаў ім дэмантаваны гродзенскі бюст, які б заняў вартае месца ў Саратаве.

Помнік Чапаеву ў Гродне знаходзіўся на вуліцы Чапаева, якая напачатку 90-х была пераназвана ў вуліцу беларускага паэта Міхася Васілька, які жыў на ёй. Што датычыцца Чапаева, то ён ніколі не быў у Гродне і хутчэй за ўсё не ведаў пра існаванне такога горада.

Мясцовы краязнаўца Віктар Саяпін, які напісаў пра Гродна 23 кнігі, распавядаў, што бюст Чапаева ў Гродна патрапіў выпадкова – яго перадалі “у нагрузку” разам з будаўнічымі матэрыяламі з Украіны. Напачатку 60-х гадоў яго і ўсталявалі на вуліцы Чапаева.

Помнік знялі па прычыне таго, што ён пачаў развальвацца, абяцалі нават адрэстаўраваць, але хутчэй за ўсё што нічога не атрымалася. Мясцовыя газеты паведамлялі, што ён не мае ніякай мастацкай каштоўнасці, што яго перададуць у гродзенскі музей, але, як высветлілася, ён дагэтуль пыліцца на складах жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Поделиться: