Фёдар Гараленка ў цэнтры. Фота Надзеі Бужан

Гэты фотаздымак, зроблены журналісткай «Нашай Нівы» Надзеяй Бужан на мітынгу ў Гомелі ў падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, абышоў многія беларускія выданні.

Як толькі Ціханоўская павіталася з тысячамі гамяльчан, што прыйшлі на мітынг, з першых шэрагаў раздаўся крык у мегафон: «Ответь, почему с обмана начинаешь? Почему скрыла доходы?!».

Да мужчыны з мегафонам адразу праціснуліся ахоўнікі. Яны спынілі правакацыю, але тэхніку забіраць не сталі – мужчына больш ні разу не падаў голас.

Як напісала «Наша Ніва», «правакатара ўдалося ідэнтыфікаваць. Гэта намеснік дырэктара па ідэалогіі аднаго з мясцовых прадпрыемстваў. Ён быў намеснікам старшыні выбарчай камісіі на адным з участкаў на леташніх парламенцкіх выбарах». У каментарах з’явілася і прозвішча выступоўцы з мегафонам – Фёдар Гараленка.

Інфармацыя пра намесніцтва Гараленкі на адным з прадпрыемстваў аказалася састарэлай. Так, раней Фёдар Мікалаевіч сапраўды быў намеснікам дырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, кадрах і ідэалагічнай працы ААТ «Гомельжалезабетон». І намеснікам старшыні ўчастковай камісіі №25 у Савецкім раёне Гомеля на мінулых парламенцкіх выбарах таксама быў – вылучылі яго ў камісію ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». Ён і яе «пярвічку» на прадпрыемстве ачольваў. Падзякі і граматы ад раённай арганізацыі “Белай Русі” рэгулярна атрымліваў. Напрыклад, у адной з апошніх падзяк, атрыманых на пачатку 2020 года па выніках за папярэдні, гаворыцца, што выносіцца яна Фёдару Гараленку за “праяўленыя ініцыятыву і адказнасць пры выкананні статутных задач і стварэнне станоўчага іміджу РГА “Белая Русь” і самааддачу, заснаваных на прынцыпах павагі, даверу і высокага прафесіяналізму”.

Тым не менш на пачатку бягучага года Гараленка пакіў ААТ «Гомельжалезабетон». Можа нават таму, што «ідэалагічны» складнік у яго дзейнасці перавышаў «вытворчы». На прадпрыемстве неахвотна адклікаюцца на гэтую тэму, лічачы, што чалавек сам вырашае, чым яму займацца і як здабываць сабе хлеб надзённы. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Старастаў сказаў толькі, што намеснік звольніўся чатыры ці пяць месяцаў таму «па ўзгадненні бакоў».

«Каментара не будзе», – мужчына з мегафонам, які наважваўся сарваць мітынг Ціханоўскай у Гомелі
Гомельскі ДБК. Фота Анатоля Гатоўчыца

Фёдара Гараленку аўтар гэтых радкоў знайшоў у ААТ «Гомельскі ДБК» у калектыўным кабінеце аддзела забеспячэння. Цяпер у Гараленкі няма асобнага кабінета, шыльды, сакратаркі.  Сціплая пасада начальніка сектара ў справах забеспячэння і камплектацыі ў аддзеле домабудаўнічага камбіната.

Меўся пагутарыць з Фёдарам пра яго ўчынак на мітынгу 26 ліпеня ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Не веру, што Гараленка не ведаў правілаў выступу на мітынгах – сам жа арганізоўваў, хоць і не такія маштабныя. Дык чаму не выйшаў на падмосткі да Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы, калі меў што запытаць ці сказаць 10 тысячам гамяльчан, што прыйшлі на мітынг? Мегафон дзе ўзяў – не купляў жа адмыслова для правакацыйных мэтаў? Урэшце, ці ўяўляў небяспеку сваіх паводзінаў? Адвесілі б яму мужыкі ці жанчыны на тым мітынгу за выхадку – і што тады?

На дадатак хацелася, канешне, распытаць і пра ўражанне ад нядаўняга паслання Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, дзе прысутнічаў Гараленка.

«Каментара не будзе», – мужчына з мегафонам, які наважваўся сарваць мітынг Ціханоўскай у Гомелі
Фёдар Гараленка слухае пасланне прэзідэнта. (На фота – ў першым шэрагу)

Словам, папрасіў у Фёдара хоць пару хвілін увагі. «Герою» мітынга, як падалося, было ніякавата нешта казаць у прысутнасці калег – і ён хутка пагадзіўся: «Пойдзем».

Выйшлі з кабінета ў калідор. І тут Фёдар Мікалаевіч досыць далікатна сказаў: «Выбачайце, каментара не будзе». Пэўна ж не з рукі было мужчыне сярэдніх гадоў тлумачыць выхадку, вартую хіба падлетка. Альбо – што дзейнічаў «па падказцы» службоўцаў ці  наогул жадаў звярнуць на сябе ўвагу, каб у горадзе ведалі, якога ідэолага прадпрыемства страціла.