Генпракуратура пракаментавала стварэнне анлайн-платформаў «Голас» і Zubr.in для альтэрнатыўнага падліку галасоў, а таксама заклікі да фатаграфавання выбарчых бюлетэняў і адпраўленне іх на альтэрнатыўныя пляцоўкі. У ведамстве заявілі, што платформы займаюцца правядзеннем сацыялагічных апытанняў і даследаванняў без акрэдытацыі, паведамляе Наша Ніва.

Генпракуратура заяўляе, што выключнае права арганізацыі апытанняў грамадскай думкі і сацыялагічных даследаванняў, акрэдытацыі юрыдычных асоб для іх правядзення прадастаўлена камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук.

«Арганізатары анлайн-платформаў «Голас», Zubr.in не маюць акрэдытацыі на збор і інтэрпрэтацыю названай сацыялагічнай інфармацыі».

Там таксама выказалі здагадку, што правядзенне падобных анлайн-апытанняў можа пацягнуць за сабой неправамернае атрыманне іх арганізатарамі і трэцімі асобамі персанальных звестак грамадзян, што можа стаць фактарам, які спрыяе іх разгалашэнню без згоды ўладальнікаў інфармацыі.

— Пры ўстанаўленні фактаў правядзення грамадзянамі, назіральнікамі неправамерных апытанняў грамадскай думкі, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, выбараў прэзідэнта Беларусі, без атрымання адпаведнай акрэдытацыі маюцца падставы для прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 9.28 КаАП, — паведамілі ў Генпракуратуры. Там таксама нагадалі, што санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць штраф у памеры да дваццаці базавых велічынь (540 рублёў), а на юрыдычную асобу — да ста базавых велічынь (2700 рублёў).

Поделиться: