Аляксандр Мілюк

Аляксандра Мілюка, актывіста каманды кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай з Мастоў, прызналі вінаватым у дробным хуліганстве і пакаралі адміністрацыйным арыштам на 7 сутак.

Відэа аб тым, як Мілюк 3 ліпеня вяртаўся з сынам дамоў і як да яго прычапіўся незнаёмы мужчына было апублікавана рознымі інтэрнэт-рэсурсамі.

Іх затрымала міліцыя, Мілюк не пагаджаўся ехаць у пастарунак, бо з ім быў малалетні сын. Але ўсё ж пазней сына забрала жонка, а ён накіраваўся ў пастарунак. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства. У міліцыі яму стала дрэнна, выклікалі хуткую дапамогу. А 6 ліпеня Мілюка шпіталізавалі з каранавірусам.

8 ліпеня на 15 сутак быў асуджаны Валянцін Жураўлёў, які чапляўся да Мілюка на вуліцы. Высветлілася, што ён нібыта зблытаў Мілюка з іншым чалавекам.

Яшчэ праз тыдзень Мілюк атрымаў пастанову пракуратуры, у якой гаварылася, што падрыхтоўку адміністрацыйнай справы за дробнае хуліганства супраць яго па гэтаму здарэнню прыпынілі.

І ў той жа дзень да Мілюка на самаізаляцыі прыйшлі міліцыянеры і паведамілі, што ў дачыненні да яго вядзецца праверка паводле крымінальнага артыкулу 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Правялі агляд жылля.

Аказалася, што на Мілюка напісалі заявы супрацоўнікі міліцыі Мастоўскага РАУС Аляксей Літаш і Яўген Кудрашоў, нібыта ён іх абразіў падчас вулічнага канфлікту 3 ліпеня.

І вось 7 жніўня суд прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў за дзеянні ў адносінах да міліцыянераў арыштам на 7 сутак.