Назіральнікі Уладзімір Няпомняшчых і Мікалай Навасельскі

У Гомелі 5 жніўня міліцыя затрымала назалежнага назіральніка на выбарах прэзідэнта, пенсіянера МУС Уладзіміра Няпомняшчых (на фота: на пярэднім плане).

Яго жонка Алена распавяла, што шукала Уладзіміра праз гадзіну пасля закрыцця выбарчых участкаў. Тэлефон яго быў недасяжны.

На пачатку 23-й гадзіны Няпомняшчых сам патэлефанаваў дадому з чужога тэлефона і паведаміў жонцы, што ён знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС і «будзе сядзець». На гэтым сувязь абарвалася. Пра абставіны затрымання Уладзімір нічога паведаміць не паспеў.

Няпомняшчых акрэдытаваны назіральнікам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі на выбарчым участку №16 Цэнтральнага раёна. Да назірання за датэрміновым галасаваннем яго не дапусцілі на той падставе, што на ўчастку ужо прысутнічаюць тры іншыя назіральнікі, а больш нельга з прычыны эпідэміялагічнай сітуацыі. Такое распараджэнне паступіла з Цэнтрвыбаркама.

Уладзімір разам з былым выкладчыкам універсітэта, назіральнікам ад «Руху «За свабоду» Мікалаем Навасельскім, якому таксама месца не знайшлося на ўчастку з прычыны каранавіруса, сачылі за галасаваннем праз вакно. Па іх звестках, за два першыя дні на ўчастак прыйшлі галасаваць 54 выбаршчыкі, камісія паказала ў пратаколе – 192.

Па звестках праваабаронцы Леаніда Судаленкі, у вёсцы Браніслаў Жыткавіцкага раёна міліцыя затрымала таксама назіральніка Яўгена Шчура і завезла ў ізалятар часовага ўтрымання.

Яўген назіраў за датэрміновым галасаваннем у мясцовай школе. Напярэдадні прэтэнзій да яго не ўзнікала, а 5 жніўня дырэктар школы, дзе размешчаны ўчастак, не пусціла Яўгена назіраць за галасаваннем, а пасля выклікала міліцыю.