Абвестка на адным з участкаў у Менску. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Аляксандр Лукашэнка, які з’яўляецца дзейным кіраўніком Беларусі і кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду, даручыў даць ацэнку законнасці альтэрнатыўнага падліку галасоў, паведамляе Белсат са спасылкай на БелТА.

6 жніўня кіраўнік Беларусі сабраў нараду адносна забеспячэння бяспекі выбарчай кампаніі.

«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генеральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасці падобных ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», – сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, неабходна даць магчымасць галасаваць спакойна, святочна, не асцерагаючыся нападак і ўмяшання ў асабісты выбар чалавека.

Між тым, паводле стану на раніцу 6 жніўня, на платформе «Голас», створанай для альтэрнатыўнага падліку галасоў, зарэгістраваліся ўжо больш за 834 тыс. выбарцаў.