Нагадаем, што з 26 ліпеня маці Дзмітрыя Фурманава Вольга Фурманава і яго дзяўчына Вольга Каракіна абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў Мінску каля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага.

Яны патрабавалі вызваліць Дзмітрыя, які быў затрыманы 31 мая на пікеце па зборы подпісаў у Гродне разам з Сяргеем Ціханоўскім, а таксама іншых людзей, што незаконна ўтрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Першай спыніла галадоўку маці вязня, а на гэтым тыдні адмовілася ад акцыі пратэсту і Вольга Каракіна.

“Прыйшлі два сілавікі і сказалі, што мае дзеянні можна кваліфікаваць як правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, і я разам з тымі, хто прыйшоў мяне падтрымаць, можам апынуцца на “сутках”, – кажа Вольга. – Таму прыняла рашэнне спыніць галадоўку, каб не падстаўляць людзей”.

Тым часам бацька зняволенага Аляксандр Фурманаў звярнуўся са зваротам да генеральнага пракурора, з тым каб сыну на перыяд следства змянілі меру стрымання на хатні арышт.

“Зварот у мяне прынялі, па законе рашэнне павінна быць прынята на працягу 15 сутак, – паведаміў Аляксандр Васільевіч. – Раней я звяртаўся і да прэзідэнта, але ніякай афіцыйнай рэакцыі не дачакаўся”.