Фото из эфира Белтелерадиокомпании

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі абмеркавалі магчымую экстрадыцыю затрыманых у Беларусі расіян, паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта. Прэс-служба беларускага кіраўніка падкрэслівае, што тэлефонная размова адбылася з ініцыятывы ўкраінскага боку.

Падкрэсліваецца, што тэму затрыманых расіян Лукашэнка і Зяленскі разглядалі падрабязна. Адзначалася важнасць «далейшага эфектыўнага ўзаемадзеяння кампетэнтных органаў двух дзяржаў, у тым ліку ў кантэксце перадачы Украіне асоб, што падазраюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці на [украінскай] тэрыторыі», перадае Еўрарадыё.

Зяленскі выказаў спадзяванне, што «усе падазраваныя ў тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Украіны будуць… перададзены для прыцягнення да крымінальнай адказнасці».

Лукашэнка адзначыў, што праваахоўныя органы будуць супрацоўнічаць па гэтым пытанні ў рамках падпісаных міжнародных пагадненняў з Расіяй і Украінай.

Тэма і змест размовы кіраўнікоў Беларусі і Украіны безумоўна выкліча буру абурэння ў Расіі.

33 грамадзяніна Расіі былі затрыманыя ў Беларусі 29 ліпеня. Было заяўлена, што яны прыбылі для «дэстабілізацыі сітуацыі» ў краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Масква называе гэта «спектаклем», настойвае, што расіяне былі ў нашай краіне транзітам.