Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY

У беларускім грамадска-палітычным жыцці складваецца дзіўная сітуацыя. Многіх хвалюе адно пытанне: ці будзе Майдан? Гэта ж тэма бурна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках.

Адметна, што штабы альтэрнатыўных кандыдатаў пра Плошчу нічога выразна не кажуць. Толькі цьмяна намякаюць на неабходнасць абараняць свой выбар. Маўляў, калі ўлады пойдуць на фальсіфікацыю вынікаў галасавання, то народ мае права на пратэстныя выступленні.

Парадокс у тым, што адзіныя, хто ўвесь час заяўляе пра Майдан, – гэта прадстаўнікі ўлады. Аляксандр Лукашэнка гаворыць пра Майдан, “майданутых”, пра вулічныя пратэсты амаль у кожным выступленні. Зразумела, ён прагаворвае тое, ад чаго страціў спакой, што яму баліць, што яго турбуе. Прычым, як мне здаецца, кіраўнік дзяржавы не ўпэўнены ў здольнасці структур МУС справіцца з абураным народам, таму намякае на то, што можа заклікаць на дапамогу войска. Актыўна пужаюць Майданам дзяржаўныя СМІ.

Такім чынам, прывід Майдана лунае ў паветры, і яго выклікае ў першую чаргу сама ўлада. І чым больш яна імкнецца пазбавіцца ад гэтай назойлівай ідэі, чым мацней імкнецца запужаць народ, тым больш маральна рыхтуе грамадства да непазбежнасці вулічнага пратэсту. Калі духаў выклікаюць, то яны абавязкова з’яўляюцца. Пра гэта вам скажа любы спірытолаг.

Аднак улады старанна абыходзяць пытанне, у чым прычына пагрозы Майдана, чаму людзі абураны і гатовы пратэставаць.

А якраз гэта пытанне і з’яўляецца галоўным. І адказ на яго відавочны. Бо ўлады, мяркуючы па тым, што адбываецца, не збіраюцца праводзіць свабодныя, сумленныя выбары, а, як звычайна, займаюцца іх імітацыяй. Пра гэта сведчыць шмат фактаў.

У выбарчыя камісіі не дапушчаны прадстаўнікі альтэрнатыўных кандыдатаў.

Спачатку ўлады адмовіліся ад назіральнікаў АБСЕ, не даслаўшы своечасова запрашэнні. Рашэнне ЦВК аб абмежаванні колькасці назіральнікаў на выбарчых участках адсякае ўсіх незалежных назіральнікаў. Інакш кажучы, на гэтых выбарах сапраўднага назірання можна не чакаць. Бо назіранне ад праўладных арганізацый – гэта, уласна, не назіранне, а група падтрымкі выбарчых камісій. Ліквідуецца апошні механізм, з дапамогай якога грамадства магло б хоць нейкім чынам, вельмі ўскосна адсочваць працэс галасавання.

ЦВК адмовілася ад прапановы ўсталяваць відэакамеры на выбарчых участках.

Увогуле, улады выключылі з выбараў найбольш моцных альтэрнатыўных кандыдатаў: Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу, Сяргея Ціханоўскага.

Забаронены незалежныя сацыялагічныя апытанні.

Людзей ужо пачынаюць заганяць на датэрміновае галасаванне.

Не вядома, ці будуць шторкі на выбарчых кабінах. Калі не, дык такім чынам не будзе захавана таямніца галасавання.

Ва ўладаў ёсць дастаткова просты спосаб прадухіліць Майдан: правесці свабодныя, дэмакратычныя, сумленныя выбары. Але, хутчэй за ўсё, яны на гэты крок не пойдуць.

У прынцыпе, імітацыя выбараў у Беларусі адбываецца больш 20 гадоў. Але дасюль сітуацыю мікшыравала тое, што існы рэжым меў значны давер з боку грамадства, Аляксандр Лукашэнка карыстаўся падтрымкай адноснай большасці насельніцтва.

А цяпер грамадства прачнулася і са здзіўленнем убачыла, што рэальных выбараў у краіне няма. А замест іх адбываецца ўзурпацыя ўлады. І, натуральна, гэта выклікае абурэнне людзей. Яны не могуць паверыць, што такое стаўленне ўлады да народа можа адбывацца сёння, у XXI стагоддзі, у цэнтры Еўропы. Цяпер у большасці краін Афрыкі праходзяць больш-менш свабодныя выбары. А беларусы ўжо чвэрць стагоддзя гэтага пазбаўлены.

Дарэчы, паводле дадзеных Інстытута сацыялогіі, давер да Цэнтральнай выбарчай камісіі ў сакавіку-красавіку ў Мінску складаў толькі 11%. Думаю, пасля ўсіх скандальных рашэнняў ЦВК апошняга часу давер да ведамства Лідзіі Ярмошынай сягае да нуля.

Галоўнае прынцыповае адрозненне беларускіх выбараў ад сапраўдных свабодных выбараў палягае ў ролі дзяржавы.

Аксіёма дэмакратычнай выбарчай кампаніі – нейтралітэт дзяржаўных інстытутаў, іх неўмяшанне ў барацьбу розных кандыдатаў і палітычных сіл. У Беларусі ж органы ўлады – галоўны суб’ект выбараў.

На забеспячэнне патрэбнага выніку працуе ўся дзяржаўная машына. Самае дзіўнае, што гэтую ролю дзяржавы ніхто не збіраецца хаваць. Тое, што ў дэмакратычных краінах лічыцца нонсэнсам, у Беларусі норма.

У выніку ўсе апаненты Аляксандра Лукашэнкі змагаюцца не з ім, а з усёй дзяржаўнай машынай. Не дзіва, што кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына назвала агітацыю некаторых кандыдатаў часткай “антыдзяржаўнага плана”. У межах згаданай парадыгмы яно так і ёсць: выступленне супраць Лукашэнкі ёсць выступленне супраць дзяржавы.

У гэтым і палягае трагедыя беларускага соцыуму. Адсюль і ўсе жахі, звязаныя з Майданам.

***

Газета «Народная Воля» № 61 (4519)