Злева – вадзіцель "хуткай" Юрый Карцаў

Кіроўцы аўтамашын «хуткай дапамогі» Акцябрскай цэнтральнай раённай бальніцы, што на Гомельшчыне, супраць дэзінфекцыі транспарту ўласнымі сіламі пасля перавозкі хворых на CAVID-19. Яны патрабуюць таксама паважлівага стаўлення да сябе, сваёй працы і адпаведнай аплаты.

«Дэзінфекцыю рабіць не навучаныя»

Канфлікт з адміністрацыяй цэнтральнай раённай бальніцы выплыў на паверхню пасля сыходу ў адпачынак дэзінфектара і звальнення загадчыцы інфекцыйнага аддзялення Юдзінай. Кіроўцам праз галоўную медсястру Алену Сянько загадалі самім праводзіць дэзінфекцыю сваіх «хуткіх» аўтамашын пасля перавозкі «кавідных» хворых. Раней гэтым займаліся штатны дэзінфектар альбо хтосьці з абучанага персаналу інфекцыйнага аддзялення.

«Мы адмовіліся самі рабіць дэзінфекцыю, – расказвае Юрый Карцаў, адзін са старэйшых кіроўцаў. – Пайшлі да галоўнага ўрача Лаковіча разабрацца: хто ж гэтым павінен займацца? Санітарную апрацоўку машын мы ўсе робім – мыем іх, выціраем, калі ў кагосьці ваніты былі ці хто ненарокам замачыўся. Хворых жа перавозім, усякае бывае… А дэзінфекцыю рабіць мы нават не навучаныя».

Як сцвярджаюць кіроўцы, дэлегацыю Яўген Лаковіч сустрэў раздражнёна: «Не вучыце тут мяне! Зразумела? Супакойцеся. Дома жонцы будзеце расказваць«.

Найпершы адміністратар бальніцы, па сутнасці, праігнараваў зварот кіроўцаў. Больш за тое, кіроўцы кажуць, што адчулі пасля гэтага на сабе прыдзіркі Лаковіча. Убачыць каго на свежым паветры без маскі яшчэ да пачатку змены – пішы тлумачальную. Пясок на гумовым дыванку пад нагамі ў кіроўцы пасля выезду – каравул.

Абураныя здзеклівым да сябе стаўленнем, вадзіцелі «хуткіх» звярнуліся нават да мясцовага блогера Андрэя Павука, каб той запісаў іхнія праблемы на відэа.

«Сяджу я ў 8.30 пасля начной змены ў дворыку, – расказвае Сяргей Руды. – Тэлефануе юрыст: «Зайдзіце!» Заходжу. «Пішыце тлумачальную, чаму без маскі?» Я і напісаў, што сядзеў на лаўцы, маска была пад падбародкам. Пайшлі да галоўнага. Стаў тлумачыць. Дзе там! І без маскі я хадзіў, і машына ў мяне нібыта не прыбраная пасля паездкі. Аб’яўляе мне: «Дзве вымовы. На трэцяй – звальненне».

У райбальніцы дзевяць кіроўцаў і 4 аўтамашыны «хуткай дапамогі». Тры з іх – «ГАЗелі» і адна – «УАЗік», так званая «буханка», якая служаць ужо больш за дзясятак гадоў. Шасцігадовая «ГАЗель» і «буханка» часта псуюцца. Кіроўцы кажуць, што рызыкуюць не толькі сабою падчас паездак, асабліва начных, але і ставяць у небяспеку пацыентаў. Спыніцца такая машына ў дарозе, везучы цяжка хворага, – хто вінаваты? Кіроўца!

На реанімабіль мала насельніцтва

Летась у Акцябрскім разгарнулася кампанія па зборы подпісаў: раёну патрэбны рэанімабіль. Хворых у экстраннай сітуацыі даводзіцца вазіць з Акцябрскага раёна не толькі ў Светлагорск, але і ў Гомель, да якога амаль дзве сотні кіламетраў. Некаторым і ў дарозе патрэбна ўсебаковая медычная дапамога.

Больш як паўтары сотні подпісаў рудабельцы адправілі ў райвыканкам і ўпраўленне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама. Апошні адказаў, што ў Акцябрскім (ранейшая назва – Рудабелка) мала насельніцтва (усяго ў раёне – 13,5 тысячы), таму реанімабілі на такія раёны не прадугледжаны. Ініцыятарка збору подпісаў Вольга Павук згадвае: «Галоўны ўрач бальніцы не прыдумаў нічога лепшага, як сказаць рудабельцам: «Нараджайце больш».

У сваю чаргу мясцовая ўлада ўсё ж паабяцала набыць новую «хуткую», у якой маецца магчымасць падключэння рознай медычнай апаратуры. І новую «Газель» за 96 тысяч рублёў у лістападзе мінулага года Акцябрская ЦРБ атрымала. Старшыня райвыканкама Андрэй Бараноўскі асабіста перадаў ключы ад «хуткай» галоўнаму ўрачу Яўгену Лаковічу. Так і сталася, што зараз у аддзяленні «хуткай медычнай дапамогі», якое абслугоўвае рудабельцаў у экстраных выпадках, адна аўтамашына новая, дзве – сярэдняй ступені зношанасці і яшчэ адна – дабітая.

«Хлопцы, да пабачэння»

«Два тыдні таму, – кажа ўжо знаёмы нам Юрый Карцаў, – паехалі мы ў «АкцябрГАЗаўтасервіс», дзе абслугоўваеццца тэхніка бальшыні раённых арганізацый, высветліць, чаму ў рухавіку не падтрымліваецца ціск масла. Механік дамовіўся з інжынерам. Аўтаслесары з сервіса дапамаглі разабрацца, што маслапомпу трэба мяняць. Але прыйшоў дырэктар Драпеза і папярэдзіў: «Хлопцы, райбальніца не заключыла з намі дамову на тэхабслугоўванне, таму «да пабачэння«.

Нешта падобнае здарылася і з заменай «лысых» шын на «хуткіх». Добра, што прадпрымальнік Міхаіл Чарнякевіч бясплатна «пераабуў» тэхніку, а то самім давяловя б бразгаць ключамі, манціроўкамі ды дамкратамі, хоць імі кіроўцаў ніхто ніколі не забяспечваў.

Грыжа, дарога, вывіх пляча

Што «хуткія» у Рудабелцы патрабуюць тэхнічнага догляду, сведчыць нядаўні ўжо зусім анекдатычны выпадак. Везлі пацыента з прышчэмленай грыжай у Светлагорск, каб аказаць хірургічную дапамогу. І – во дзіва! – немач па дарозе адступіла, грыжа прыйшла ў норму, вядома, да пары да часу. Калі ж вярталіся назад, «хуткую» на няроўнасці страсянула – і ў чалавека здарыўся «звыклы вывіх пляча», якога не было ўжо два гады. «Давялося нават фельчару дакладную пісаць пра здарэнне», – распавядаюць кіроўцы.

«Кавідныя» хворыя і «чыстыя» рублі

Турбуе кіроўцаў і няпэўнасць аплаты пры перавозцы хворых на CAVID-19. Бываюць часам заказы насельніцтва на перавозку «кавідных хворых» нават у Мінск, да якога ад Рудабелкі 217 кіламетраў. Што з гэтага мае кіроўца, невядома.

«У 2019 годзе давялося змагацца за тое, каб нам плацілі камандзіровачныя, а таксама за санітарную ўборку аўтамашын, як гэта ёсць у суседзяў – у тых жа Парычах ці Светлагорску. Мы атрымлівалі менш за іх прыкладна на 150 рублёў. Не верце тым, хто сцвярджае, што мы зарабляем па тысячы рублёў. У мяне асабіста за мінулы месяц атрымалася «чыстымі» 670 рублёў. Гэта з улікам разавай перавозкі «кавідных хворых», – кажа Карцаў, які чвэрць стагоддзя аддаў працы кіроўцам на машыне «хуткай дапамогі».

Зрэшты, не толькі кіроўцам «хуткіх» не надта зразумелыя дэклараваныя ўладай пытанні аплаты за працу ва ўмовах каранавіруснай інфекцыі, але і фельчарам, што аказваюць медычную дапамогу.

«У пацыента ўзялі мазок на каранавірус, але вынік на сёння невядомы, – распавядае фельчар брыгады «хуткай» Сяргей Беніш.– Пацыенту блага, загадана яго даставіць на лячэнне ў Гомель. Заўтра стала вядома, што ў чалавека CAVID-19. Аднак гэта нам не ўлічваецца».

Фельчарам «хуткай» працуе ў Рудабелцы і Уладзімір Цагельнік. Ён кажа, што пакуль ні разу не атрымліваў надбаўкі за працу з інфікаванымі хворымі.

«Плацілі толькі за перавозку такіх хворых, але не 144 рублі, як было абяцана, а значна меней. Што там і як налічвае бухгалтэрыя, мне таксама не зразумела», – кажа Уладзімір Мікалаевіч.

Аўтар гэтых радкоў звязваўся па тэлефоне з галоўным ўрачом Акцябрскай ЦРБ Яўгенам Лаковічам, каб атрымаць хоць якія тлумачэнні наконт пытанняў, што ўздымаюць кіроўцы і медыкі такой важнай службы, як хуткая дапамога. Аднак адміністратар адмовіўся што-небудзь каментаваць ці патлумачыць. Сказаў толькі, што дамовы на «тэхнічнае абслугоўванне аўтамашын заключаны».

Пры канцы пазамінулага тыдня ў Акцябрскі наведваліся эканамісты Гомельскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя і галіновага прафсаюза. Кіроўцы і некаторыя іншыя спецыялісты сабраліся ў актавай зале бальніцы. Чакалі гадзіну, але да іх ніхто не прыйшоў, ніхто нічога не патлумачыў. Пасядзелі яны і разышліся. Пасля ўжо стала вядома, што адміністрацыя лячэбнай установы мае сабраць службу «хуткай дапамогі» ў іншы час.

CAVID прыехаў у бальніцу разам з доктарам

Новы вірус SARS-CoV-2, які абрынуўся сёлета на Беларусь, пераўзыйшоў усе ранейшыя немачы. Ён выклікае хваробу COVID-19, паражаючы лёгкія чалавека. Б’е, як кажуць, тут і цяпер, нярэдка – напавал.

Успышка інфекцыі ў Акцябрскім пачалася вясною менавіта ў асяродку персаналу цэнтральнай раённай бальніцы. Мясцовы доктар ездзіў на вучобу ў Мінск і, праўдападобна, прывёз адтуль каранавірус, бо захварэў першым. На каранцін у райцэнтры ў красавіку паклалі адразу паўтара дзесятка медыцынскіх супрацоўнікаў. Каб не спыняць кваліфікаваную дапамогу насельніцтву, у Рудабелку камандзіравалі лекараў з Рэчыцы, Гомеля. Аднак у райцэнтры і зараз бракуе сямёх урачоў рознай спецыялізацыі і столькіх ж медсясцёр, а яшчэ – двух фельчараў у клініка-дыягнастычную лабараторыю. Застаюцца вольнымі і некаторыя іншыя вакансіі. Прынамсі, пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Акцябрскай ЦРБ. Відавочна, што пры недахопе столькіх медыцынскіх кадраў нагрузка на персанал лячэбнай установы ўзрасла. А тут яшчэ і каранавірус. Усё гэта патрабуе ўважлівага і паважлівага стаўлення да кожнага чалавека, хто стаіць на варце здароўя беларусаў.

Замест эпілога

Пасля наведвання Рудабелкі спецыялістамі ўпраўлення аховы здароўя і рэгіянальнага галіновага прафсаюза, галоўны ўрач бальніцы Лаковіч скасаваў вымовы кіроўцам за так званае парушэнне «маскавага рэжыму». Вырашана, што дэзінфекцыю «хуткіх» днём будзе рабіць штатны супрацоўнік інфекцыйнага аддзялення, а ў начныя змены – самі кіроўцы пад наглядам сваіх жа фельчараў. Дзеля гэтага на мінулым тыдні ладзілася нават навучанне. Аднак, сцвярджаюць кіроўцы, няма пакуль яснасці, ці будзе ім дадатковая плата за праведзеную дэзінфекцыю машын хуткай медычнай дапамогі.