На стадыёне «Юнацтва» ў Стоўбцах 3 жніўня а 18 гадзіне павінен быў пачацца мітынг у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Самой яе на сустрэчы не планавалася, але павінны былі прысутнічаць давераныя асобы.

«Напярэдадні сустрэчы на стадыён падагналі тэхніку, а таксама бурна імітуюць рамонтныя работы, — расказаў «НН» Мікалай Лысёнкаў, кіраўнік штаба Сяргея Чэрачня, а таксама жыхар Стоўбцаў. — Налілі нейкай вады, кажуць, што сёння ўжо нічога не зробяць, а толькі заўтра. Робіцца, каб перашкодзіць у правядзенні сустрэчы з даверанымі асобамі Ціханоўскай».

Адметна, што ля стадыёна «Юнацтва» падчас рамонтных работ прысутнічаў асабіста начальнік ідэалагічнай работы райвыканкама Дзмітрый Слесарчык. Навошта галоўнаму ідэолагу раёна кантраляваць гэты працэс незразумела.

У выніку мітынг увогуле адмянілі. Арганізатары сустрэчы прасілі начальства адкрыць другі ўваход на стадыён, але тыя адмовіліся і ўвогуле зрабілі выгляд, што іншых дзвярэй няма. Праз нейкі час асноўныя вароты ўвогуле зачынілі на замок, сказалі, што аварыйная сітуацыя. У штаб Ціханоўскай даклалі, што правядзенне мітынгу немагчымае.