На здымку: Яўген Васількоў (у цэнтры) у зале Хайніцкага райсуда

Суддзя Хойніцкага раённага суда Андрэй Кардаш 3 жніўня пакараў мясцовага трактарыста, аўтара Youtube-канала «Хойники для жизни» Яўгена Васількова 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Ён прызнаны вінаватым у непадпарадкаванні міліцыі.

Свабодалюбівага трактарыста, бацьку шматдзетнай сям’і міліцыя затрымала ў мінулую пятніцу на працы з прымяненнем кайданкоў і пакінула ў ізалятары да суда пад вартай. Ён нібыта не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі.

За дзень да гэтага ў Хойніках ладзіўся агітацыйны пікет у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, на якім прысутнічаў і Васількоў. Але, па словах Юрыя Уласава, даверанай асобы Ціханоўскай, пікет «прайшоў роўна», на ім прысутнічала каля 300 чалавек. Нейкіх непаразуменняў з міліцыяй не было.

Як паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка, які прысутнічаў у судзе ў Хойніках, непадпарадкаване ўчастковы міліцыянт Васіль Звягін «прыпісаў» трактарысту Васількову таму, што ён адмовіўся пасля агляду аўтамабіля даць на яго дакументы. Яўген не даў дакументы, бо ў паперах міліцыі марка аўтамашыны не супадала з маркай яго асабістай «Аўдзі-80».

«Аказалася, што ў Хойніках на дарожных знаках «Уступі дарогу» нехта фламайстрам панапісваў «Саша 3%». З гэтай прычыны міліцыянты прыехалі чамусці да трактарыста-блогера Васількова. Акурат, як некалі ў Акцябрскім пасля кожнага ілжывага мініравання будынкаў міліцыянты прыязджалі да тамтэйшага блогера Павука. Яўген зазначыў у судзе, што яму сорак гадоў, і ён ужо не ў тым узросце, каб размалёўваць дарожныя знакі», – распавёў праваабаронца Судаленка.

Трактарыст Васількоў сваёй віны ў непадпарадкавані не прызнаў. Патлумачыў, што «не разумеў, на якой падставе яны патрабуюць дакументы». У яго аўтамабіль «Аўдзі-80», а яны нахабна патрабавалі паперы на аўтамабіль «Аўдзі-100». Паказалі здымкі дарожных знакаў з надпісам «Саша 3%», а што да чаго не патлумачылі. Трактарыст і ў судзе заяўляў, што не разумее, якая сувязь паміж размаляванымі знакамі і аглядам аўтамабіля?

Яўген Васількоў да нядаўняга часу працаваў механізатарам у КСУП «Судкова». Жыў ціха-мірна – араў, сеяў, гадаваў з жонкай Таццянай дзяцей, дабудоўваў арэндны дом.

Калі трэба было рамантаваць тэхніку, глядзеў відэа, як гэта робяць іншыя трактарысты. А пасля і сам завёў канал «Хронікі механізатара», каб і яго парадамі карысталіся. Аднойчы расказаў пра прыпіскі. Выпадкова ці не, але Васількова сталі тузаць з арэндным домам, патрабавалі перазаключыць дамову. Маўляў, ідзі ў саўгас альбо высяляйся.

Жонка Васількова пасля таго інцыдэнту патрапіла ў шпіталь, а Яўген выклаў відэа, дзе не скупіўся на моцныя выразы, папярэдзіўшы: глядзень яго можна толькі ва ўзросце «18 плюс». Здымаў таксама ролікі пра цёмныя вясковыя вуліцы, недагледжаныя дарогі. Як ён сам кажа, пра «бардак у раёне».

Выглядае, што менавіта тады і прыйшло да Яўгена разуменне, што без блогерства, моцнага розгаласу нікога не прымусіш варушыцца, каб што-небудзь змяніць. Падахвоціў і прыклад Сяргея Ціханоўскага з яго «Страной для жизни».

Сапраўдную папулярнасць 40-гадовы трактарыст набыў, калі запісаў ролік «Пра выбары». Нетаропкі, але дужа эмацыйны расповед пра жыццё і ўдзел у фальсіфікацыі выбараў настаўнікаў і культработнікаў набраў звыш 92 тысяч праглядаў. Ніякім афіцыйным выданням і сайтам такое і не снілася. Гэта, відаць, напалохала ўлады напярэдадні выбараў. На яго і вырашылі «павесіць» надпісы на дарожных знаках. І тут як нельга лепей прыйшлося «непадпарадкаванне міліцыі».

Паказальна, што да пачатку суда вольныя месцы ў зале пасяджэнняў занялі міліцыянты і жанчыны, у якіх мясцовыя жыхары пазналі супрацоўніц райвыканкама. Бальшыні актывістаў, якія прыехалі падтрымаць Васількова, а таксама журналістам давялося падчас разгляду адміністрацыйнай справы стаяць.

Васількоў апошнія паўгода працаваў у фермера на энерганасычаным трактары John Deere. Зарабляў неблагія грошы – звыш тысячы рублёў.

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі Мікалай Чубянок у гутарцы з журналістам «Народнай Волі» станоўча адклікаецца пра трактарыста-блогера.

«Ён добры трактарыст, але зашмат здымае. Можа нават ехаць на працу, спыніцца і здымаць відэа», – кажа фермер Чубянок.

Гаспадарнік пасля арышту Васількова не ведае, дзе знайсці кваліфікаванага механізатара, каб мог працаваць на «амерыканцы». John Deere не можа прастойваць. Трэба сеяць рапс на корм жывёле, а трактарыст за кратамі.

«Калі Яўген вернецца, давядзецца яму даручыць ужо іншы трактар», – са шкадаваннем дапаўняе Мікалай Чубянок.