На ўкраінскай мяжы / pravda.com.ua

Украіна ўнесла Беларусь у спіс «зялёных» краін, паведамляе «Еўрапейкая праўда». З 1 жніўня там пачала дзейнічаць новая класіфікацыя, якая вызначае неабходнасць самаізаляцыі або здачы тэсту пасля вяртання з-за мяжы, таксама ўступілі ў сілу новыя правілы вяртання, перадае Еўрарадыё.

Цяпер у «чырвоны спіс» Украіна ўключае дзяржавы, дзе колькасць новых выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва за апошнія 14 дзён перавышае аналагічны паказчык ва Украіне. Альбо калі прырост колькасці заражаных ў іх за апошнія 14 дзён перавышае аналагічны за мінулыя 14 дзён на 30%.

У краіны «зялёнай» зоны акрамя Беларусі ўвайшлі Швецыя, Партугалія, Харватыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Славенія, Егіпет і Італія. У «чырвоную зону» патрапілі Кітай, Венгрыя, Грузія, Германія, Чэхія, Балгарыя, Албанія, Чарнагорыя, Польшча, Францыя, Расія. Міністэрства аховы здароўя Украіны будзе абнаўляць спіс краін са значным узроўнем распаўсюджвання COVID-19 кожныя 7 дзён.

У Беларусі за суткі памерла 4 чалавекі з каранавірусам (напярэдадні было +6). Колькасць ахвяр на 1 жніўня дасягнула 563, паведамляе ў Telegram прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Дадалося яшчэ 138 выпадкаў заражэння COVID-19 (у папярэднія суткі было +143). Усяго іх ужо 67 946. Выпісана з бальніц 62 686 чалавек (+242).За апошнія суткі праведзена 10 395 тэстаў на каранавірус (напярэдадні было +110 842). Усяго іх зроблена ўжо 1 309 823.