Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску. Фота аўтара

У Светлагорск адмыслова прылятаў верталёт МНС, каб забраць пацярпелых рабочых пасля аварыі на заводзе беленай сульфатнай цэлюлозы, якая адбылася 30 ліпеня.

Да гэтага яны знаходзіліся ў цэнтральнай раённай бальніцы ў надзвычай цяжкім стане: 29 гадовы зваршчык Аляксей Сасноўскі, паводле расповеду яго брата Андрэя, атрымаў звыш 90 працэнтаў хімічных апёкаў цела, дактары ўвялі яго ў штучную кому. У меншай ступені апякло 58-гадовага слесара Аляксандра Арэха. Рабочыя патрапілі пад магутны струмень гарачай суспензіі шчапы, якая вырвалася з трубаправода пасля праведзенага на ім рамонту, піша ranak.me.

Па факту надзвычайнага здарэння Следчым камітэтам вядзецца праверка.

Тым часам прэс-служба ААТ «Светлагорскі ЦКК», у склад якога ўваходзіць і завод беленай цэлюлозы, паведамляе: «З0 ліпеня праводзіліся зварачныя работы на дрэнажным трубаправодзе лініі падачы суспензіі шчапы. Пасля правядзення рамонтных работ аператыўны персанал участка варкі прыступіў да запуску. У перыяд запуску адбылася разгерметызацыя трубаправода падачы суспензіі шчапы з прычыны гідраўлічнага ўдару».

Завод сульфатнай беленай цэлюлозы будавала кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ на крэдыт “Эксімбанкам” з таго ж Кітаю. Кошт новага прадпрыемства, якое мае вырабляць 400 тысяч тон беленай цэлюлозы ў год, – каля 1 мільярда долараў.

Новую вытворчасць прадугледжвалася запусціць яшчэ ў 2015 годзе, але будаўніцтва і запуск яго з прычыны непаладак зацягнулася. Летась над адным з цэхаў завода нават абрынулася частка даху.

Не давалі спакою і “смярдзючыя выкіды” метылмеркаптанаў, шкодных для здароўя. Жыхары Якімавай Слабады і грамадскія актывісты Светлагорска з гэтай прычыны напісалі дзесяткі скаргаў у розныя інстанцыі. Каля двух гадоў завод працаваў у рэжыме «пуск-наладка», а сёлета ў лютым яго ўрачыста-пампезна ўвялі ў эксплуатацыю.