Яе імя для суайчыннікаў стала сімвалам ахвяравання сабой дзеля Радзімы, адданасці ідэям нацыянальнага адзінства. Ёй прысвяцілі нямала старонак пісьменнікі і паэты, творы жывапісу ўслаўляюць яе мужнасць і прыгажосць. Яе жыццё, на жаль, вельмі рана абарвалася… Эмілія Плятэр, легенда вызваленчага паўстання 1830–1831 гадоў.

Эмілія Плятэр паходзіла са старадаўняга багатага графскага роду, які меў заможныя палацы і маёнткі па ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай: у Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі. Нарадзілася Эмілія ў Вільні 13 лістапада 1806 года, але яе бацькі Францішак Ксаверы Плятэр і Ганна Моль не вельмі ладзілі паміж сабой, і неўзабаве разам з маці дзяўчынка пасялілася ў маёнтку Лікснэ Дзінабургскага павета Віцебскай губерні (цяпер гэта тэрыторыя Латвіі).

Эмілія з дзяцінства здзіўляла родных сваёй моцнай воляй, была надзвычай сур’ёзнай і ўдумлівай. Падлеткам яе мала цікавілі дзявочыя захапленні, гульні, танцы, уборы, рамантычныя мары пра каханне. У доме Плятэраў мелася цудоўная бібліятэка, і дзяўчына праводзіла там шмат часу, з цікавасцю вывучала гісторыю, літаратуру Рэчы Паспалітай, чытала кнігі пра знакамітых людзей, якія са зброяй у руках гераічна адстойвалі свабоду сваёй краіны. Яе натхнялі вобразы Жанны д’Арк, Тадэвуша Касцюшкі, іншых нацыянальных герояў. Каб стаць падобнай да іх, Эмілія вучылася верхавой яздзе, займалася фехтаваннем, адпрацоўвала навыкі стральбы, здзяйсняла разам са стрыечнымі братамі паходы праз балоты і лясныя гушчары. З захапленнем шукала новыя звесткі пра Ласкарыну Бубуліну, гераіню нядаўняй грэчаскай рэвалюцыі (1821 года) і барацьбы супраць асманскага іга: гэтая багатая жанчына на свае грошы ўтрымлівала невялікі флот і войска паўстанцаў, купляла для іх зброю і харчаванне. Партрэты Бубуліны, Жанны д’Арк і Касцюшкі віселі сярод іншых у доме Плятэраў.

Наогул Плятэры былі гарачымі патрыётамі Рэчы Паспалітай, таму зразумела, якія гаворкі вяліся ў час сустрэч родзічаў. Юная Эмілія пазнаёмілася з філасофіяй філаматаў і філарэтаў, зачытвалася іх творамі. Асабліва любіла «Гражыну» Адама Міцкевіча, а галоўная гераіня стала для Эміліі ў многім узорам для пераймання. Пад уплывам паэтаў-філаматаў Эмілія захапілася беларускім фальклорам, занялася яго збіраннем і запісвала свае нататкі ў асобныя сшыткі.

Натуральна, што, маючы такую натуру і выхаванне, Эмілія Плятэр не змагла застацца ў баку ад вызваленчага руху. У 1830 годзе самаўпраўная палітыка Аляксандра I у дачыненні да Рэчы Паспалітай, каранаванне імператара Мікалая I каралём Польшчы выклікалі гнеў і абурэнне ў польскіх, беларускіх і літоўскіх патрыётаў, якія марылі адрадзіць сваю радзіму ў межах 1772 года.

У канцы лістапада адбылося паўстанне ў Варшаве. Даведаўшыся аб гэтым, Эмілія тут жа аб’ездзіла бліжэйшых сваякоў і знаёмых з заклікам пачаць падрыхтоўку да барацьбы ў Літве і на Беларусі, заклікала іх аб’яднацца ў баявы атрад. Разам са сваімі кузенамі Люцыянам і Фердынандам, іх сябрамі, курсантамі школы падхарунжых, яна распрацавала план па захопе Дзінабургскай крэпасці. Меркавалася, што Эмілія прывядзе да сцен крэпасці свой баявы атрад, а курсанты змогуць арганізаваць на гэты час пераварот унутры. Гарнізон крэпасці быў невялікі, умацаванні слабыя, так што змоўшчыкі спа дзяваліся на поспех. Але планы не спраўдзіліся, бо школу зачынілі, падхарунжых выслалі ў іншыя губерні, а крэпасць узмацнілі дадатковымі войскамі. Аднак падчас падрыхтоўкі адбылася важная падзея – пасвячэнне Эміліі Плятэр у рыцара-дзеву паводле старажытных традыцый.

У Польшчы ўжо ішлі баі, а ў Беларусі і Літве пакуль стаяла трывожная цішыня. Не хапала цярпення, і Эмілія паехала ў Вільню, каб сустрэцца з людзьмі, якія павінны былі нешта ведаць. Мяркуецца, што ёй удалося выйсці на Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Эмілія пачала актыўна дзейнічаць: аб’язджала навакольныя маёнткі і вёскі, заклікаючы браць зброю і рыхтаваць косы. Дзяўчына падрэзала свае доўгія прыгожыя валасы, пераапранулася ў ваенны мундзір і ўжо ў такім баявым уборы 29 сакавіка з’явілася на плошчы мястэчка Дусяты перад касцёлам. Узброеная пісталетамі і кінжалам маладая дзяўчына выклікала ў людзей, якія выйшлі пасля службы, здзіўленне. Эмілія палымяна звярнулася да ўсіх як да сваіх братоў, аб’явіўшы аб пачатку вялікай барацьбы «за нашу і вашу свабоду» і заклікаўшы людзей узняцца за сваю Айчыну… Як пішуць сведкі, за чвэрць гадзіны Эмілія Плятэр сабрала атрад колькасцю 280 стралкоў, 60 конных і некалькі соцень касінераў.

Наваствораны атрад рушыў на Дзінабург. Па дарозе паўстанцы напалі на паштовую станцыю Даўгелі і захапілі яе, перамогшы часткі расійскага імператарскага войска. Затым 4 красавіка з баямі ўзялі мястэчка Езяросы, і Эмілія ўпісала ў гарадскую і судовую кнігі Акт паўстання. Для яе гэта быў своеасаблівы момант справядлівасці – вяртанне сваіх земляў.

Праз два месяцы ў мястэчку Жэймо Трокскага павета атрад Эміліі Плятэр сустрэўся з рэгулярнай польскай арміяй генерала Хлапоўскага. Незвычайная дзяўчына-паўстанец выклікала павагу і захапленне. Вось адзін з успамінаў: «…Далучыўся да нас даволі вялікі, добра апрануты конны аддзел паўстанцаў на чале з дзяўчынай Плятэр. Ёй можна было даць не больш за 24 гады. Невялікая ростам, бледная, не прыгажуня, але з акруглым, прыемным, сімпатычным тварам, блакітнымі вачыма, стройнага, хоць і не моцнага целаскладу. Была сур’ёзная, хутчэй суровая, чым простая ў абыходжанні, малагаваркая і сваім выглядам быццам патрабавала да сябе належных адносін і прыстойнасці. Ды ніхто ў лагеры не дазволіў бы ў яе прысутнасці кінуць лішняе слова, жарт ці саграшыць… На ёй быў сурдут з чырвоным каўняром, а каля шыі карункавы каўнерык, што вельмі ёй пасавала. Невялікі мужчынскі ківер на галаве, валасы падрэзаныя, на поясе кінжал і невялікая шабля, сярэбраныя шпоры на боціках. Сціплая, без усялякай ненатуральнай прэтэнзіі, яна стройна трымалася на кані…»

Генерал Адам Хлапоўскі прыняў Эмілію вельмі прыязна і, калі яна не пагадзілася вярнуцца дадому, каб «пачакаць там з надзеяй перамогу», узяў у свой штаб. Нечуваная рэч – маладая жанчына была афіцыйна пастаўлена над бывалымі салдатамі, прызначана ганаровым камандзірам 1-й роты 25-га лінейнага палка паўстанцкай арміі, ёй быў прысвоены чын капітана. Яна даслужылася затым да камандзіра 1-й роты 1-га палка літоўскай пяхоты.

Бесперапынныя баі і новыя бітвы. І паўсюль яна, Эмілія Плятэр, паважаная байцамі дзяўчына, сімвал адданасці і мужнасці, непахіснай волі да свабоды. 19 чэрвеня Плятэр удзельнічала ў бітве пад Вільняй – гэта быў пік паўстання на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Задача перад аб’яднанымі сіламі паўстанцаў ставілася вядомая: авалодаць сталіцай ВКЛ. Аднак узяць горад не ўдалося. Сюды былі сцягнуты значныя злучэнні рускіх войскаў, узмоцненыя баявымі гарматамі. Паўстанцы панеслі вялікія страты і вымушаны былі адступаць на захад. Гэта паражэнне азнаменавала пералом у ходзе ўсяго паўстання і вызваленчай барацьбы 1830– 1831 гадоў.

Эмілія Плятэр удзельнічала ва ўсіх асноўных бітвах. Пасля паразы пры ўзяцці Вільні і
найцяжэйшага бою ля Шаўляя польская армія аказалася падзеленай на тры часткі. Генерал Хлапоўскі вырашыў адвесці свой атрад у Прусію, каб уратавацца (потым ён будзе вымушаны ў Прусіі здаць зброю). Эмілія катэгарычна супраць: «Лепш вам было б памерці з гонарам, чым скончыць такой ганьбай. Шчаслівай дарогі, генерал! Што тычыцца мяне, пакуль іскра жыцця будзе ў грудзях, буду змагацца за Айчыну!»

Плятэр з аднадумцамі вырашыла дабрацца да Польшчы, каб працягнуць барацьбу, далучыцца да паўстанцаў. На гэтым шляху, вымушаная прабірацца тайком праз усю Літву і начаваць як прыйдзецца, дзяўчына моцна прастудзілася. Знясіленая, яна раз пораз губляла прытомнасць, і сябры пакінулі яе ў сялянскай хаце, адкуль Эмілію забралі да сябе шляхціцы Абламовічы. Яе апекавалі, лячылі, пэўны час яна пражыла там як настаўніца дзяцей гаспадароў.

Пра тое, што паўстанне канчаткова разгромлена, Эмілія даведалася толькі ў канцы кастрычніка (ад яе гэтую навіну ўсяляк хавалі). Вестка падкасіла і без таго кволае здароўе: зацяжная прастуда і нервовы стрэс сур’ёзна падарвалі яе сэрца. Хвароба стала імкліва развівацца, і праз два месяцы ва ўзросце 25 гадоў Эмілія Плятэр памерла…

Але яшчэ некалькі гадоў пасля яе смерці расійскія жандары чуйна рэагавалі на чуткі аб
быццам бы яе вяртанні і шукалі неабвержаныя доказы смерці гераіні, бо сапраўды вельмі баяліся палымянай патрыёткі. Царскімі ўладамі графіня Эмілія Плятэр была пасмяротна прылічана да 2-га разраду дзяржаўных злачынцаў, яе маёнткі і маёмасць былі канфіскаваны. Аднак самае балючае, што зніклі ўсе яе літаратурныя нататкі.

Паэтка і фалькларыстка

Эмілія Плятэр вядомая нашчадкам як адна з першых збіральніц беларускіх народных песень, прымавак і галашэнняў на Віцебшчыне. Усебакова адукаваная, эрудзіраваная, Эмілія таксама вызначалася музычнымі здольнасцямі. Яна апрацоўвала і выконвала на фартэпіяна народныя мелодыі, захаплялася народнай харэаграфіяй, пісала вершы, стылізаваныя пад беларускі фальклор, выказвала ў сваіх сачыненнях любоў да народных паданняў. Асабліва ёй быў цікавы такі самабытны жанр, як галашэнні – памінальныя, вясельныя, каляндарныя і іншыя. Іх выкананне – мастацкае ўвасабленне ўнутранага стану і думак чалавека ў хвіліны трыумфу або адчаю.

Кіруючыся ідэямі філаматаў і філарэтаў, юная графіня Плятэр спрабавала прысвяціць жыццё вывучэнню і прасоўванню культуры свайго народа. Яна збірала беларускі фальклор, запісвала паданні і песні, вучылася танцаваць «простыя» танцы. Ёсць сведчанні, што Эмілія па-майстэрску выконвала пад дуду «Лепятуху».

Вядомы рэвалюцыйны ссыльны, даследчык Сібіры і мемуарыст Максіміліян Восіпавіч Маркс, з маці якога сябравала і часта гасцявала ў яе доме ў Віцебску Эмілія Плятэр, назваў яе прадвесніцай нацыянальнага Адраджэння XIX стагоддзя. Ён так пісаў пра Плятэр: «Першая яна – напэўна ж, я не памыляюся – з запалам, уласцівым адчувальным і высакародным сэрцам, аддалася душою беларускаму люду, вывучала яго бяду і спачувала ёй, імкнучыся па магчымасці аблегчыць яе; збірала і спявала яго песні, шчодра плаціла за іх дастаўку і спрабавала пяро ў іх наследаванні…» На жаль, згінулі дзесьці ў нетрах архіваў жандармерыі шматлікія фальклорныя нататкі і рукапісы з уласнымі вершамі графіні Плятэр. Засталіся ў запісе толькі некалькі радкоў з народнага галашэння, якое, паводле ўспамінаў сучаснікаў, Плятэр выконвала вельмі кранальна, шчыра:

Авой, авой, дзяцюк ты мой! Ня на радасьць,
ня на шчасьце ты радзіўся…

Слава пра мужную літвінку Эмілію Плятэр, найперш дзякуючы паэту Адаму Міцкевічу, разнеслася на ўвесь свет: памяці юнай графіні ён прысвяціў верш-кантату «Смерць палкоўніка». У сваіх творах апелі Дзеву-воіна паэты Францыі, Англіі, Польшчы, Германіі, Італіі. Пра «беларускую Жанну д’Арк» у 30-я гады XIX стагоддзя ставілася п’еса ў Парыжы. Наогул, у Францыі ёй прысвяцілі некалькі кніг і літаграфій.

Сваёй нацыянальнай гераіняй лічаць Эмілію Плятэр Латвія і Літва, таму што нарадзілася яна ў Вільні, а дзяцінства і юнацтва правяла ў радавой сядзібе каля Дзінабурга (Даўгаўпілса). Выдатны беларускі мастак Напалеон Орда пакінуў нам малюнак тагачаснага маёнтка Лікснэ.

У Польшчы памяць Эміліі Плятэр ушаноўваецца найбольш яскрава. У Варшаве яе імя носіць адна з цэнтральных вуліц, ёсць шматлікія помнікі. Яе партрэты-выявы шматкроць з’яўляліся на польскіх банкнотах і манетах, а таксама на розных медалях. У яе гонар называюцца навучальныя ўстановы і нават зоркі. Нядаўна натуралістамі Польшчы быў выведзены пяшчотны павойнік Emilia Plater: светла-блакітныя кветкі люціка з чатырма раскрытымі вонкі пялёсткамі смела пазіраюць у вольнае чыстае неба.