Мітрапаліт Павел / Еўрарадыё

Кіраўнікі найбуйнейшых у Беларусі цэркваў — праваслаўнай і каталіцкай — звярнуліся да вернікаў з нагоды будучых прэзідэнцкіх выбараў, перадае Еўрарадыё.

Мітрапаліт Павел у сваім звароце адзначае напружаную грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне напярэдадні выбараў. Ён заклікае не паддавацца на правакацыі і не парушаць правапарадак: «У сувязі з гэтым, Беларуская Праваслаўная Царква заклікае ўсіх грамадзян краіны, носьбітаў розных поглядаў, да згоды, дыялогу і ўзаемнай павагі, нагадвае пра важнасць захавання міру, спакою і разважлівасці. Звяртаючыся да ўсіх жыхароў Беларусі, заклікаю ўсіх Вас, дарагія браты і сёстры, не паддавацца правакацыйным заклікам і не ўступаць на шлях гвалту, супрацьстаяння і парушэння законнага правапарадку».

Па словах кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы, свой канстытуцыйны выбар грамадзяне павінны абараняць «не на барыкадах і мітынгах, а на выбарчых участках, якія прадугледжаны і арганізаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

У сваю чаргу мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч заклікае каталікоў рабіць выбар не пад уплывам эмоцый, а як «плён сталага роздуму, згоднага з сумленнем і адпаведным распазнаннем, як кажа Папа Францішак».

Ён прапаноўвае вывучыць праграмы кандыдатаў не толькі «з палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага пунктаў гледжання, але і ўзяць пад увагу іх адносіны да сацыяльнага вучэння Касцёла і агульначалавечых каштоўнасцяў, а таксама маральных прынцыпаў, якія нязменныя і таму не падлягаюць абмеркаванню і змяненню».

Кіраўнік каталіцкага касцёла ў Беларусі раіць найперш звярнуць увагу на тое, каб у кандыдатаў былі наступныя пункты:

— падтрымка інстытуту сям’і і пашана да яе як адзінага і неразрыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння і выхавання патомства;

— абарона Божага дару жыцця ад зачацця да натуральнай смерці;

— свабода веравызнання;

— клопат пра сацыяльную справядлівасць;

— недапушчальнасць амаральнай дзейнасці і да т.п.

Мітрапаліт Павел і арцыбіскуп Кандрусевіч выступілі са зваротамі наконт выбараў
Тадэвуш Кандрусевіч / catholic.by