Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, вядома пра мінімум 25 выпадкаў за апошні час, калі журналістам розных замежных выданняў не адказалі на заяўку аб часовай акрэдытацыі для працы ў Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.

Замежныя сродкі масавай інфармацыі, як піша БАЖ, не атрымалі ніякіх адказаў у вызначаны законам 20-дзённы тэрмін. Пры тым многія журналісты, якія прасілі акрэдытацыю, раней атрымлівалі яе і асвятлялі падзеі ў Беларусі.

За працу без акрэдытацыі замежным журналістам пагражае штраф ад 540 да 1350 рублёў паводле арт. 22.9 КаАП.

У межах АБСЭ Рэспубліка Беларусь прыняла на сябе абавязак спрыяць далейшаму пашырэньню супрацы паміж СМІ і іх прадстаўнікамі, асабліва паміж рэдакцыямі агенцтваў друку, газет, радыё і тэлевізійных арганізацый, а таксама кінакампаній, адзначае БАЖ. Таксама Беларусь прыняла абавязак спрыяць паездкам журналістаў з іншых дзяржаваў АБСЭ.

«Неразгляд у вызначаныя тэрміны заявак журналістаў замежных СМІ ў пэрыяд правядзеньня электаральнай кампаніі ў выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ва ўмовах, калі за выбарамі не будзе назіраньня БДІПЧ АБСЭ, ПАРЭ і іншых прызнаных міжнародных арганізацый, а таксама істотнага абмежавання магчымасцяў нацыянальных назіральнікаў, сведчыць аб адмове ўладаў ад правядзеньня выбараў адкрыта і галосна, як гэта замацавана ў арт. 65 Канстытуцыі і арт. 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь», — мяркуе БАЖ.

Асацыяцыя заклікае Міністэрства замежных спраў у максімальна кароткія тэрміны разглядзець звароты замежных СМІ і акрэдытаваць журналістаў, спыніць палітыку неразгляду зваротаў, выконваць у сваёй дзейнасці нацыянальнае заканадаўства і міжнародныя абавязанні ў галіне свабоды слова і права на інфармацыю.

Поделиться: