Фота https://www.ranak.me

У Светлагорску 30 ліпеня на заводзе беленай цэлюлозы падчас рамонтных работ двое рабочых атрымалі моцныя апёкі. 31 ліпеня яны верталётам дастаўлены ў Мінск.

Жыхар райцэнтра Андрэй Сасноўскі паведаміў, што пацярпеў яго 29-гадовы брат Аляксей.

«Брат працуе зваршчыкам, ён разам са слесарам меўся ліквідаваць паломку. Штосьці там адбылося, выбухнуў шчолачны газ. Наколькі я ведаю, у брата абпалена 95 працэнтаў цела, ён у вельмі цяжкім стане. Яго напарнік таксама пацярпеў – у яго апёкі ног, рук, вачэй», – кажа Андрэй Сасноўскі.

На тэрыторыі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, да якога адносіцца завод беленай цэлюлозы, працуе следчая апернатыўная група, паведамляе афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава. Адбыўся разрыў дрэнажнай трубы з тэхнічнай вадкасцю. Двое рабочых атрымалі апёкі і дастаўлены ў бальніцу.

Будавала завод кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ на крэдыт “Эксімбанка” з таго ж Кітаю. Кошт новага прадпрыемства, якое мае вырабляць 400 тысяч тон беленай цэлюлозы ў год, – каля 1 мільярда долараў.

Новую вытворчасць прадугледжвалася запусціць яшчэ ў 2015 годзе, але будаўніцтва і наладка яго зацягнулася. Летась над адным з цэхаў завода абрынулася частка даху.

Не давалі спакою і «смярдзючыя выкіды» метылмеркаптанаў, шкодных для здароўя. Жыхары Якімавай Слабады і грамадскія актывісты Светлагорска з гэтай прычыны напісалі дзесяткі скаргаў у розныя інстанцыі. Дайшло да стыхійных пратэстных мітынгаў і бурных сходаў.

Урачысты пуск завода адбыўся сёлета ў лютым з удзелам кіраўніка дзяржавы і мясцовых чыноўнікаў.