У Ваўкавыску па ананімнаму даносу міліцыя правяла агляд жылля ў членаў ініцыятыўнай групы Бабарыкі

2433
Ваўкавыскі прадпрымальнік Аляксандр Навасад

У ваўкавыскага прадпрымальніка Аляксандра Навасада і пенсіянеркі Тамары Бесько канфіскавалі агітацыйныя ўлёткі за Святлану Ціханоўскую і інфармацыйныя матэрыялы ініцыятыўнай групы “Чэсныя людзі”.

“Нас невыпадкова пачалі правяраць напярэдадні прыезду Ціханоўскай”

І да Навасада і да Бесько міліцыя прыйшла з самага ранку. Агляд кватэры Навасада, паводле яго слоў, праходзіў у межах адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП. Прыкладна каля месяца, падчас збору подпісаў, ён быў асуджаны раённым судом за нібыта непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі. Ён распавёў, што сёння ў яго доме шукалі друкаваную прадукцыю.

Мне сказалі, што ў міліцыю паступіў ананімны званок, што нібыта я 28 ліпеня ўначы распаўсюджваў па гораду ўлёткі без выходных дадзеных, – гаворыць Навасад. – Але ноччу 28-га я быў у хаце разам з жонкай і нікуды не выходзіў”.

Мужчына сам паказаў міліцыянерам улёткі з інфармацыяй пра тое, як абараніць свае галасы на выбарах. Улёткі, паводле яго, надрукаваны законным чынам.

Яшчэ ў мяне было 39 улётак вельмі дрэннай якасці аб дзейнасці на пасадзе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, – канстатуе суразмоўца. – Там 31 пункт тых спраў, якія ён зрабіў за 26 год праўлення. Унізу быў надпіс: галасуйце за мяне мы гэты спіс працягнем. Іх таксама канфіскавалі”.

Навасад вельмі здзіўлены, што міліцыя прыйшла да яго па ананімнаму даносу, паколькі 7 сутак, якія атрымаў па артыкулу 23.34, ён ужо адседзеў.

Відавочна, што напярэдадні прыезду Ціханоўскай у Ваўкавыск найбольш актыўных хочуць запалохаць, – упэўнены ён. – А нам баяцца няма чаго, мы людзі чэсныя і подпісы чэсна збіралі і жыхары Ваўкавыска вельмі ахвотна іх ставілі”.

“Я, канечне, расхвалявалася…”

Тамары Бесько 66 гадоў, яна – пенсіянерка. І калі міліцыя прыйшла дахаты раніцай а 8-й гадзіне з панятымі, то яна разгубілася. Ёй прад’явілі дакумент з пракуратуры на агляд жылля і прыдамовых пабудоў.

Падставай для гэтага, як патлумачылі супрацоўнікі праваахоўных органаў, стала распачатая супраць яе адміністрацыйная справа за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў без выходных дадзеных. Адміністратыўную справу, ізноў жа са слоў міліцыянераў, распачалі на падставе ананімнага даносу аб тым, што яна ўначы распаўсюджвала ў горадзе гэтыя матэрыялы.

Спадарыня Тамара паказала міліцыянерам афіцыйныя ўлёткі Святланы Ціханоўскай, якія ўзяла падчас сустрэчы з членамі яе ініцыятыўнай групы і патлумачыла, што дзве з іх з дазволу прымацавала: на пошце і ў краме.

Яны яшчэ пабачылі ўлёткі пра тое, як рэгістравацца на сайце з тым, каб абараніць свае галасы ад фальсіфікацый, – распавядае Бесько. – У мяне было каля 30 адных і столькі ж другіх. Усё гэта канфіскавалі”.

Тамара Бесько перакананая, што такім чынам на яе і іншых актывістаў улады спрабуюць аказваць ціск перад прыездам у горад Святланы Ціханоўскай.

Людзі вельмі актыўна ставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў і я цэлы дзень не адыходзячы сядзела з ручкай і запісвала дадзеныя з іх пашпартоў. Відаць, мне гэта прыгадалі”, – заўважае Бесько.


Няма запісаў для адлюстравання