Уладзімір Няпомняшчых

У сваім заключным слове ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Няпомняшчых звярнуўся да суддзі Сяргея Салоўскага і сам прапанаваў пакараць яго хоць растрэлам, хоць арыштам.

Я ўжо і валізу падрыхтаваў, сала ўзяў з сабою. Хачу, каб мяне пасадзілі на 15 ці 30 сутак у ізалятар, бо не маю жадання падтрымліваць фінансава злачынны рэжым. У мяне на гэта грошай няма. Я лепей у ізалятары адпачну, пасплю, – сказаў ён.

Просіце якое адміністрацыйнае спагнанне вам прызначыць? –перапытаў суддзя Салоўскі.

Можаце нават і растрэл прызначаць, – саркастычна заўважыў гомельскі палітык.

Цэнтральны райаддзел міліцыі ў двух адміністрацыйных пратаколах, складзеных паводле ч.3, арт.23.34 КаАП, высунуў супраць Уладзіміра Няпомняшчых абсурдныя абвінавачванні. Ён, маўляў, збіраючы подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, арганізаваў з нейкім Мішчанкам 31 мая і 14 чэрвеня несанкцыянаваны мітынг з трохсот чалавек, падчас якога «публічна з выкарыстаннем сродкаў гучнай сувязі выражаў свае негатыўныя адносіны да дзейнай улады».

Прынамсі, так дакладаў у рапартах начальнік аддзела аховы грамадскага парадку Цэнтральнага РАУС Руслан Сагаль начальніку міліцыі Аляксандру Штрапаву. І махавік закруціўся. Участковы інспектар Пётр Грамадцоў шукаў і не знайшоў Няпомняшчых, каб дапытаць яго, пра што падрыхтаваў дакладныя запіскі. Яшчэ адзін участковы – капітан Вячаслаў Крыжанкоў – афармляў адміністрацыйныя пратаколы і збіраў звесткі аб тым, што ў Гомельскі гарвыканкам не паступала заяўкі на арганізацыю масавага мерапрыемства.

Уладзімір Няпомняшчых прэтэнзій не прызнаў. Але не адмаўляў, што падчас збору подпісаў сапраўды адказваў на пытанні гараджанаў, якія іх цікавілі.

Гэта не забаронена Выбарчым кодэксам – адказваць на пытанні. Хіба я павінен быў маўчаць, калі людзі пытаюцца? Я акумуляваў пытанні і пасля адказваў. Вакол мяне збіралася пяць-шэсць-сем чалавек. Няхай нават дзесяць. Якое ж гэта масавае мерапрыемства? Вакол былі пікеты па збору подпісаў за Ціханоўскую, Бабарыку, Цапкалу, – сказаў ён.

А колькі, па-вашаму, чалавек збіралася на пляцоўцы каля ўнівермага, – пацікавіўся суддзя.

– Я не лічыў. Сто іх было ці дзвесце. Дапускаю, што там магло быць і трыста, – адказаў Няпомняшчы.

У якасці доказу, што ён «арганізоўваў» мітынгі, міліцыя прыклала дыск з відэазапісам пікета ў падтрымку Ціханоўскай за 31 мая, дзе Няпомняшчых кажа пра “паскудства і мярзотнасць” улады, пра тое, што і Лукашэнка, і Ярмошына павінны сыйсці, бо беларусы патрабуюць змены. На іншых трох прадстаўленых у суд дысках Няпомняшчых не фігураваў.

Я наогул не разумею, пры чым тут відэадыскі за 7 чэрвеня, калі другі адміністрацыйны пратакол датычны падзеяў 14, а не 7 чэрвеня? – звяртаў увагу суда абвінавачаны палітык.

Мы аглядаем матэрыялы, якія паступілі ў суд, – патлумачыў суддзя.

Не выходзячы ў дарадчы пакой, Сяргей Салоўскі прызнаў вінаватым Уладзіміра Нпомняшчых у незаконнай арганізацыі несанкцыянаваных мітынгаў і па падставе двух пратаколаў пастанавіў аштрафаваць яго на 40 базавых велічынь, што адпавядае 1080 рублям.

На абвешчаную пастанову прысутныя ў судзе адазваліся воклічам: «Судзілішча!” А інвалід, які быў сярод іх, нават запытаў суддзю: «Вы як, спіце ўначы спакойна?».

У Гомелі суд пакараў вялікім штрафам «кандыдата пратэсту» Уладзіміра Няпомняшчых
У зале суда

Сам Уладзімір Няпомняшчых шчыра прызнаўся, што наважаны быў адбываць адміністрацыйны арышт. Меркаваў, што ўлады зноў зачыняць яго на момант галасавання 9 жніўня, як было ужо не раз перад важнымі электаральнымі падзеямі.

Не ведаю, магчыма, улады датумкалі, што цяпер не Няпомняшчых, не Статкевіч ці Губарэвіч вызначаюць, калі людзям выходзіць на вуліцу. Народ сам патрабуе перамен, ён сам падняўся супраць гэтай улады, – заўважае аштрафаваны палітык.

Былы кіраўнік АГП Васіль Палякоў лічыць, што беларускія ўлады пасадзілі ўжо дастаткова актыўных людзей, каб збіць пратэстныя настроі ў грамадстве.

– Яны, відаць, ужо не хочуць памнажаць шэрагі зняволеных, каб не павялічваць колькасць палітычных нявольнікаў падчас выбарчай кампаніі. Цяпер уладам патрэбна як мага больш грошай дзеля папаўнення апусцелага бюджэту. Адсюль і штраф Уладзіміру наўздагон пасля збору подпісаў, а не адміністрацыйны арышт, – кажа спадар Палякоў.

У Гомелі Уладзіміра Няпомняшчых ведаюць як чалавека, які апошнія гады ўлетку  часцяком ходзіў у майцы «За Беларусь без Лукашэнкі». На спіне таксама надпіс : «Хопіць, дастаў». Уладзімір – былы афіцэр міліцыі. Пасля звальнення займаўся прадпрымальніцтвам. Калі тавар у яго на вялікую суму, па сутнасці, спустошылі мясцовыя кантралюючыя органы, заняўся палітычнай дзейнасцю, якой аддаў амаль два дзесяцігоддзі. Уладзіміра часта затрымлівалі, арыштоўвалі, штрафавалі за акцыі пратэсту, прычым затрыманні нярэдка былі прэвентыўнымі, калі, напрыклад, ён толькі ішоў уранку на цягнік, каб ехаць у Мінск.

Няпомняшчых балатаваўся кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2016 і 2019 гадоў. Летась у кастрычніку яго выступ не выпусцілі ў эфір тэлеканала «Беларусь-3», бо першым пунктам яго праграмы значыўся «імпічмент Лукашэнку». Цяперашнюю выбарчую кампанію ён скарыстаў, каб сабраць ахвочых гамяльчан дзеля назірання за галасаваннем непасрэдна на выбарчых участках.

У Гомелі суд пакараў вялікім штрафам «кандыдата пратэсту» Уладзіміра Няпомняшчых

У Гомелі суд пакараў вялікім штрафам «кандыдата пратэсту» Уладзіміра Няпомняшчых
Няпомняшчых рыхтаваўся да «сутак»