Віктар Шумель. Фота з «Укантакце»

Дырэктар Гродзенскага цэнтральнага спартовага комплексу «Нёман» Віктар Шумель напісаў адкрыты ліст да кіраўніка штаба Лукашэнкі Міхаіла Орды. Ён, як і многія калегі, абурыўся словамі Орды пра агульную падтрымку дзейнага прэзідэнта прафсаюзамі і збіраецца выйсці з аб’яднання, паведамляе «Наша Ніва».

Віктар у адкрытым лісце звяртае ўвагу, што падчас лукашэнкаўскага кіравання правы працоўных ушчамляліся. Гэта і падатак на дармаедства, і павышэнне пенсійнага ўзросту, і недахоп сродкаў індывідуальнай абароны ў дактароў.

«Я бачу стаўленне да федэрацыі прафсаюзаў як да крыніцы фінансавання, а не адстойвання правоў яе членаў.

Не выпадкова ж у перыяд перадвыбарчай агітацыі актывізаваліся «экскурсійныя» паездкі па краіне?» — піша дырэктар. І просіць федэрацыю захоўваць нейтралітэт падчас выбарчай кампаніі.

Пасля слоў Орды пра падтрымку Лукашэнкі працоўнымі з'явілася заява пра масавы выхад з прафсаюзаў

Пасля слоў Орды пра падтрымку Лукашэнкі працоўнымі з'явілася заява пра масавы выхад з прафсаюзаў

Віктар расказвае, што ў іх арганізацыі ў прафсаюзе было каля 150 чалавек. Пасля слоў Орды траціна напісала заявы аб выхадзе.

«Незадаволенасць была і раней, але гэта стала іскрай, — кажа Шумель. — Маю пазіцыю вышэйшае кіраўніцтва ведае. І меркаванні людзей я ім таксама даносіў.

Але пабачыў, што нас не чуюць — проста хочуць ціхенька вярнуць на свой шлях».

Віктар лічыць, што сёлета шмат будзе залежаць ад меркавання кожнага, таму варта выказвацца адкрыта.

Сам ён у гэтай кампаніі падтрымліваў Віктара Бабарыку, пакуль яго не знялі з гонкі.

Спарткомплекс Віталь узначальвае з 2017 года. Пра тое, што пасля гучнай заявы можа страціць пасаду, выдатна разумее.

«Пра новае месца на гэты выпадак даўно думаў. Я ж не дурны чалавек, знайду працу», — спакойна ставіцца ён.