Фота racyja.com

Ужо каля двух тыдняў праводзяць галадоўку дзве жанчыны ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна.

Ала Берналь і Алена Кузьміна – актывісткі руху “Маці 328”. Жанчыны змагаюцца за справядлівыя прысуды і змяншэнне тэрмінаў зняволення па вядомым “наркатычным” артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса.

– За гэты час з прадстаўнікоў улады да нас наведалася толькі старшыня мясцовага сельсавета, – кажа Ала Берналь. – Спыталася: “Чым магу дапамагчы?» А чым яна нам дапаможа? Вырашыць нашы праблемы? Не той узровень.

Мы чакаем, што на наступным тыдні ў гэты раён павінен наведацца кіраўнік краіны, таму чакаем яго прыезду. Можа быць, давядуць да ведама Лукашэнкі пра нашы праблемы і галадоўку, і ён зверне ўвагу. А магчыма, і наведае нас.

– Як вы сябе адчуваеце?

– У мяне ўжо пачынаецца тахікардыя, некалькі дзён таму цукар у крыві вельмі знізіўся. Таксама пастаянна галавакружэнне, сухасць у роце, асабліва раніцай. Мы ж нічога не ўжываем з ежы, толькі шмат вады п’ём.

Трэба адзначыць, што ўрачы прыязджаюць штодзень – мераюць ціск і правяраюць напаўняльнасць кіслародам лёгкіх. Пакуль хопіць здароўя, будзем трымацца…