Фото https://www.racyja.com

Эканаміст Леў Марголін распавёў пра тое, ці ўключаць улады друкавальны станок.

Леў Марголін: Падчас выбарчай кампаніі ва ўладаў ёсць спакуса ўключыць друкавальны станок, каб падняць бюджэтнікам заробкі і такім чынам кінуць людзям пернік, але не факт, што гэта будзе зроблена. Але тут нават не ў выбарах справа. Думаю, гэты станок і так давядзецца запускаць, але ўжо пасля выбарчай кампаніі. У краіне хапае дзяржаўных прадпрыемстваў, якім трэба дапамагаць. Ім патрэбны танныя крэдыты, а адкуль іх узяць? Грошай няма, іх можна толькі надрукаваць. Калі б не было дзяржаўных прадпрыемстваў, то, магчыма, абышлося б і з без гэтага, але ў краіне вельмі вялікі дзяржаўны сектар – трэба ўтрымліваць і стратныя заводы, і вялізную армію бюджэтнікаў, і чыноўнікаў з сілавікамі.

РР: У такім выпадку ці ёсць нейкія пагрозы для стабільнасці фінансавай сістэмы, нацыянальнай валюты?

Леў Марголін: Безумоўна. Думаю, да заканчэння гэтага года рубель можа абваліцца яшчэ на 20 адсоткаў у дачыненні да даляра. І гэта ў лепшым выпадку, бо ўжо гучаць заявы, што Нацыянальны банк павінен быць памочнікам урада, каб людзям грошы плацілі. Але павелічэнне грашовай масы – вялікая рызыка для эканомікі і нацыянальнай валюты. І я не бачу, якое ўлады будуць шукаць выйсце з гэтай сітуацыі, бо на рэформы яны адназначна не пойдуць. Калі не было рэформаў нават у тыя часы, калі ўрад узначальвалі людзі, якія добра разбіраліся ў эканоміцы, то зараз прыйшлі некаторыя спецыялісты, якія наагул не разумеюць, як і што ў гэтай галіне працуе.

РР: Ці варта разлічваць на знешнія крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонда і Расіі?

Леў Марголін: МВФ у бліжэйшы час дакладна нічога не дасць, бо тым бачаць, што зараз робіцца з выбарамі ў Беларусі, і што не робіцца з рэформамі ў эканоміцы. А на слова ўжо ніхто не паверыць. Што датычыцца Расеі, то перамовы, безумоўна, ідуць, але ж днямі прэм’ер-міністр Расеі Мішусцін адкрытым тэкстам заявіў: будзе інтэграцыя – дадзім грошы. Няма інтэграцыі – нічога не дадзім. Улады ў вельмі складанай сітуацыі, хаця, наколькі я разумею, сёння для іх галоўнае пытанне іншае – як захаваць гэтую самую ўладу.

Поделиться: