Вадзім Дзевятоўскі: “Мы нікога не прымушаем удзельнічаць у паўмарафоне…”

10127

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі адказаў “Народнай Волі”, навошта падчас пандэміі праводзіць забег, у якім плануе ўзяць удзел больш за 40 тысяч чалавек.

Як паведамлялася раней, масавы забег запланаваны на 13 верасня. Рэгістрацыя ўдзельнікаў працягваецца, і, калі дынаміка захаваецца, Мінскі паўмарафон раней часу дасягне ліміту ў 42 тысячы ўдзельнікаў.

– У Беларусі працэс рэгістрацыі ідзе даволі інтэнсіўна, а вось замежнікі пакуль узялі паўзу, – кажа Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ. – Тут ужо з’яўляюцца бар’еры ў выглядзе ўзаемадзеяння краін у сувязі з пандэміяй: патрэбны дазвол на пераезды, пералёты і вяртанне дадому. Наколькі мне вядома, у некаторых краінах спартсменаў, якія возьмуць удзел у Мінскім паўмарафоне, будуць адпраўляць пасля вяртання дадому на каранцін. Таму зараз больш рэгіструюцца беларусы і расіяне, якія жадаюць прабегчы дыстанцыю.

Увогуле, чакаем, як далей будзе развівацца сітуацыя. На сённяшні дзень перанос мерапрыемства не плануецца. Як кажуць, шляхоў назад няма.

– Вы можаце даць гарантыю, што нехта з удзельнікаў не будзе хворы на каранавірус? Усе 40 тысяч бегуноў здадуць тэсты, пройдуць медыцынскі агляд?

– Гэтыя пытанні, відаць, трэба задаваць бліжэй да канца жніўня. Сёння мы бачым, што Еўропа выходзіць з самаізаляцыі, але пакуль не магу сказаць, як мы будзем арганізоўваць медыцынскі кантроль удзельнікаў перад стартам. У Еўропе ўжо пачалі праводзіць спартыўныя спаборніцтвы. Паводле маёй інфармацыі, у верасні пройдзе велагонка Тур дэ Франс. І восенню запланавана вельмі шмат спартыўных спаборніцтваў, у тым ліку і забегаў. Гэта ж не проста так. Відаць, пралічваюць сітуацыю.

Паўтаруся: адмяняць паўмарафон мы ў любым выпадку не будзем, але, калі сітуацыя з каранавірусам стане крытычнай, перанясём мерапрыемства на іншую дату. Хаця зараз жа мы бачым, што ў краіне ідзе зніжэнне захворвання на каранавірус. Веру, што за паўтара месяца сітуацыя радыкальна зменіцца ў лепшы бок.

– Чаму ў гэтым годзе, калі такая складаная эпідэміялагічная сітуацыя, наогул не адмовіліся ад правядзення паўмарафону? Навошта ладзіць такое масавае мерапрыемства і падвяргаць небяспецы здароўе людзей? Я ведаю, што многія краіны адмовіліся праводзіць традыцыйныя марафоны…

– Яны адмовіліся ад тых мерапрыемстваў, якія павінны былі прайсці вясной, калі быў пік пандэміі. Мы, напрыклад, таксама вырашылі не праводзіць 9 мая «Забег мужных». Але веру, што ў верасні ўсё будзе добра. Калі сітуацыя пагоршыцца альбо не палепшыцца, то ніхто рызыкаваць здароўем людзей не будзе.

І хачу адзначыць, што народ рэгіструецца на забег больш чым актыўна. Людзі самі сочаць за тым, якая сітуацыя з каранавірусам, ніхто ж сябе не захоча падстаўляць. А мы нікога не прымушаем удзельнічаць у мерапрыемстве. Гэта справа выключна добраахвотная.

– А як правядзенне паўмарафону стасуецца з тым, што эпідэміёлагі да гэтага часу раяць людзям трымаць дыстанцыю, насіць па магчымасці маскі, абмяжоўваць кантакты на вуліцы? Вы ж адкрыта ігнаруеце ўсе гэтыя рэкамендацыі. Не думаю, што падчас забегу нехта будзе трымаць дыстанцыю ці бегчы ў масцы…

– Давайце зыходзіць з таго, што гэта сёння гучаць такія рэкамендацыі, а зараз ні пра паўмарафон, ні пра 40 тысяч чалавек на гэтых спаборніцтвах размова не ідзе. У той жа час мы бачым, што яшчэ два месяцы таму ў Беларусі было 900 захварэлых у суткі, а зараз – каля 160. Станоўчая дынаміка ёсць? Безумоўна!

Таму мы, натуральна, прытрымліваемся і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, і
Міністэрства спорту, і іншых краін.

А гэтыя пытанні вы мне лепш задайце за тры-чатыры дні да пачатку паўмарафону. Вось тады будзе прадметная размова. А пакуль да забегу яшчэ паўтара месяца. Але, паверце мне, цікавасць да гэтага мерапрыемства ў людзей проста неверагодная.

– Якая эпідэміялагічная абстаноўка павінна быць у краіне, каб паўмарафон 13 верасня адбыўся? Ёсць нейкія крытэрыі?

– Будзем зыходзіць з лічбаў Міністэрства аховы здароўя па захварэлых на каранавірус у суткі і з той сітуацыі з пандэміяй, якая будзе ў верасні. Усё прааналізуем і напрыканцы жніўня прымем рашэнне. За паўтара месяца можа што заўгодна адбыцца. Ніхто ж не выключае, што восенню можа і другая хваля захворвання пайсці.

– Хто канкрэтна будзе прымаць рашэнне?

– Толькі адна наша федэрацыя такую адказнасць на сябе не возьме, таму будзем раіцца і з Міністэрствам спорту, і з Міністэрствам аховы здароўя.

***

Газета “Народная Воля” № 59 (4517)


Няма запісаў для адлюстравання