Фота з адкрытай крыніцы

Гродзенца Уладзіміра Родчанку аштрафавалі на 25 базавых велічынь (675 рублёў) за тое, што ездзіў па горадзе на ўласным аўтамабілі з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Супрацоўнікі ДАІ затрымалі Родчанку 14 ліпеня на вуліцы Сацыялістычнай у Гродне. У той вечар людзі тут, як і ў многіх гарадах Беларусі, выходзілі на вуліцы і выказвалі сваё незадавальненне тым, што не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабрыку і Валерыя Цапкалу.

Яго адвезлі ў пастарунак, склалі пратакол за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах і забралі аўтамабіль у якасці рэчавага доказу.

Сёння суддзя Ленінскага раёна Гродна Руслан Гурын прыняў рашэнне аўтамабіль не канфіскоўваць, а бел-чырвона-белыя сцягі знішчыць. Дарэчы, аўтамабіль вернуць толькі пасля таго, як рашэнне ўступіць у законную сілу.

Родчанка вінаватым сябе не прызнаў і намераны абскардзіць рашэнне Ленінскага суда.

Поделиться ссылкой: