Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Ад красавіка Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC з удзелам партнёраў на рэсурсе «Ковіданоміка» сочыць за сітуацыяй у айчыннай эканоміцы ў перыяд пандэміі. Кацярына Барнукова распавяла belsat.eu, наколькі збяднелі беларусы за час эпідэміі і ці варта чакаць крызісу 2011 года.

З чаго пачаўся праект «Кавіданоміка»?

З пачаткам пандэміі мы зразумелі, што яна будзе мець вялікія эканамічныя наступствы для краіны. Сітуацыя беспрэцэдэнтная, і вельмі важна было адсочваць тое, што адбываецца з людзьмі і бізнесам. Праект маніторыць розныя аспекты: што адбываецца з людзьмі на рынку працы, з малым і сярэднім бізнесам. Праект працягваецца, таму што эканамічныя эфекты ад таго, што адбываецца, застануцца надоўга, нават калі мы сапраўды перамаглі каронавірус.

Каронавірус з’явіўся ў Беларусі чатыры месяцы таму. 27 лютага менскія лекары зарэгістравалі першы выпадак захворвання COVID-19 – у студэнта з Ірану. За гэты час колькасць заражаных перавысіла 67 тысяч.

Якія галоўныя высновы за гэты час ужо можна зрабіць?

Мы бачым, што 50 % людзей страцілі значную частку даходаў. Прычыны і механізмы страт вельмі розныя. Напрыклад, той, хто працаваў у прыватным сектары, з большай доляй імавернасці страцілі працу або частку заробку, бо іх заробак быў прывязаны да выручкі і колькасці заказаў. Тыя, хто працуе ў прамысловасці, часцей сутыкаюцца з неаплачанымі адпачынкамі, скарочаным працоўным днём.

«Палітычная пазіцыя – рабіць выгляд, што праблем няма». Кацярына Барнукова пра фінансавыя наступствы «каранавіруснага псіхозу»
Кацярына Барнукова. Фота: Сяргей Кавалёў / «Белсат»

Адсутнасць каранціну падчас каронавіруса – мы на гэтым зарабілі або страцілі?

Магчыма, мы нешта на гэтым і зарабілі. Пакуль яшчэ рана казаць. З аднаго боку эканоміка, а з другога наступствы для здароўя людзей. Магчыма, у сферы паслуг у нас не было такога сур’ёзнага спаду, як у краінах, дзе ўводзіўся каранцін. Але трэба параўноўваць і сацыяльную падтрымку і падтрымку бізнесу ў розных краінах. У першую чаргу пацярпелі рэстаранны, гасцінічны бізнесы. Каранціну не было, але людзі разумелі, што лепш застацца дома, актыўна самаізаляваліся.

А калі б увялі поўны локдаўн або частковае запаволенне эканомікі, якія б эканамічныя наступствы ў нас былі? Быў бы магчымы сцэнар, які вельмі часта ў апошні час прагаворвае Лукашэнкі аб вяртанні ў 90-ыя і адсутнасці мукі?

Татальнага локдаўна не было нідзе. Умоўна кажучы, нідзе не спынялі камбінаты, дзе выпякаюць хлеб. Усё роўна эканоміка часткова працавала. Пытанне ў тым, што дзесьці ўводзіліся абмежаванні, якія не перашкаджалі самым крытычным галінам эканомікі працягваць функцыянаваць. Але паміж іншымі краінамі і Беларуссю цэлы кантынуум магчымасцяў частковых абмежаванняў, які можна было прыняць, а яны б паўплывалі на эканоміку пазітыўна ў доўгатэрміновым перыядзе.

Якія былі ў афіцыйнага Менску варыянты выбару паміж поўным прыпыненнем эканомікі і COVID-дысідэнцтвам?

Прыпыніць правядзенне грамадскіх мерапрыемстваў. Перавесці ў онлайн вучобу ў універсітэтах і старэйшых класах школы. Што ў нас атрымалася: школы нібыта не перайшлі онлайн, але пры гэтым нават Мінадукацыі прызнае, што большасць дзяцей у школу не хадзілі. Адпаведна, яны не атрымлівалі наагул ніякай адукацыі. Тое ж самае з бізнесамі. Нібыта яны не прыпынілі працу, але людзі самі спынілі сваю эканамічную актыўнасць. Яшчэ адзін важны эканамічны фактар – экспарт. І, вядома, каранцін у іншых краінах зрабіў не асабліва асэнсаваным функцыянаванне нашых вялікіх прамысловых гігантаў. Многія і так спыняліся, таму што іх асноўны экспартны рынак – Расея – быў зачынены. Магчыма, уводзячы разумныя абмежаванні там, дзе няма попыту на прадукцыю сёння, мы б змаглі зберагчы жыцці людзей.

Якія бізнесы найбольш пацярпелі ад пандэміі? І як вы ацэньваеце ролю дзяржавы ў гэтай сітуацыі.

Мы бачылі, што адбываецца ў сакавіку, красавіку, у пачатку траўня. Гэта велізарны спад у сектары рэстаранаў і гасцініц. Ва ўсім, што звязана з падарожжамі і турызмам. Але потым мы ўбачылі, што фокус ссоўваецца. З-за механізму экспарту пачалі пакутаваць і прамысловыя прадпрыемствы і нават IT-кампаніі, якія сутыкнуліся з памяншэннем попыту. Што мы бачым з боку дзяржавы? Спачатку не было ніякай рэакцыі. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў сваю пазіцыю, што бізнесы павінны свае скарбонкі прафінансаваць. На жаль, нашы апытанні паказваюць, што скарбонак шмат у кго хапіла на адзін або два месяцы.

А калі казаць у агульным аб насельніцтве: калі б адбылося поўнае прыпыненне эканомікі, наколькі б нам хапіла запасаў, колькі б мы змаглі так пражыць?

Недзе 30 % апытаных намі сказалі, што ў іх няма зберажэнняў нават на адзін месяц без даходаў. Гэта акурат самыя неабароненыя пласты насельніцтва. Яны першымі траплялі пад скарачэнне, звальненне.

Наўрад ці б можна было зрабіць поўны локдаўн і ніяк не адрэагаваць нейкімі сацыяльнымі мерамі. Гэта маглі б быць «верталётныя» грошы: калі нейкія дапамогі выплачваюць усім, незалежна ад іх узроўню даходу.

Гэта дазваляе ашчадзіць на бюракратычных правалоках і нікога не выпусціць. Ці таргетаваныя захады – гэта фінансавая дапамога па беспрацоўі, фінансавая дапамога па беднасці, але пры гэтым патрабуецца пэўны ўзровень адміністравання. Вельмі лёгка кагосьці прапусціць, не заўважыць людзей, якім патрэбна падтрымка. У нас бюджэт цяпер знаходзіцца пад сур’ёзным ціскам. І калі б мы прымалі разумныя меры па адказе на той жа COVID, нам бы дапамаглі. Мы бачым, што той жа МВФ быў гатовы даць фінансаванне, якога б адназначна хапіла на паўгода таргетаванай сацыяльнай падтрымкі. Без захадаў процідзеяння вірусу нам ніхто грошай даваць не гатовы.

Ці ёсць у вас адказ на пытанне, чаму ўлады не пайшлі на падтрымку людзей і раздачу гэтых «шрубалётных» грошай? На фоне перадвыбарчай кампаніі гэта быў бы добры крок.

Збольшага з-за таго, што грошай у нас у бюджэце на гэта не шмат, а цяпер іх наагул мабыць няма. Да пандэміі ў гэтым годзе ў нас бюджэт вярстаўся з досыць істотным дэфіцытам. На нейкія такія крокі грошай там не было б. У прынцыпе, я не бачу асаблівых перашкодаў для таго, каб можна было гэтыя грошы знайсці і пазычыць. Менавіта ў такой беспрэцэдэнтнай сітуацыі варта нарошчваць вонкавы доўг для таго, каб хоць неяк падтрымаць людзей. Я не думаю, што гэта было выклікана ў першую чаргу эканамічнымі прычынамі.

Вы лічылі, колькі ў Беларусі каштавалі розныя мадэлі каранціну?

Мы рабілі разлікі, і ўсе мадэлі былі б рэальныя. Нават калі б трэба было аказваць падтрымку 10 % насельніцтва. У нас быў бы дэфіцыт ВУП не запланаваныя 3%, а можа і 10 %, але ўлічваючы экстраардынарныя падзеі, гэта быў бы нармальны крок.

А як пракаментуеце шведскі досвед, бо шведы з аднаго боку таксама не ўводзілі жорсткі каранцін. Але з іншага боку ў іх і ВУП запаволіўся і смяротнасць нашмат вышэй ад віруса ў параўнанні з суседзямі.

Я думаю, што пакуль эканамічна Швецыя ні ў чым не выйграла. З эпідэміялагічнага пункту гледжання мне складана судзіць, але таксама не бачым пацверджання таго, што ў іх выпрацаваўся нейкі калектыўны імунітэт. Усе выдатна ведаюць, што эканамічна Беларусь не прайграе ад каранціну. Сферы, у першую чаргу пакутуюць ад каранціну, не займаюць велізарную долю ў эканоміцы. Напрыклад, сфера паслуг. У першую чаргу мы прайграем у падзенні экспарту, які ад нас не залежыць, а залежыць у цэлым ад сітуацыі.

А што вы скажаце пра эканамічны фон папярэдніх выбарчых кампаніяў і бягучую сітуацыю? Чаму атрымалася, што ў гэтым годзе мы падышлі да яе ў такой кепскай эканамічнай форме?

У нас дрэнная эканамічная форма ўжо апошнія дзесяць гадоў. 2010 год выбараў быў апошнім годам хуткага эканамічнага росту, які скончыўся велізарным валютным крызісам у 2011-м годзе. Збольшага чаму гэта адбывалася? Бо ў 2010-м годзе перад выбарамі напампоўвалі эканоміку таннымі грашыма, падымалі заробкі да 500 долараў. І склалася так, што мы вакол гэтай адзнакі дагэтуль ходзім коламі, дасягаем яе і зноў правальваемся. У 2015-м годзе ў нас акурат пачынаўся эканамічны крызіс перад выбарамі. На шчасце, тады мы не ўбачылі спробаў напампоўваць эканоміку штучным чынам, што пазней прывяло б да нарошчвання дысбалансаў. Мы прайшлі крызіс 2015-га і 2016-га года вельмі добра з пункту гледжання эканамічнай палітыкі. Усе кансалідавалі, перайшлі да строгай манетарнай палітыкі, якая дапамагла стрымаць рост коштаў і пазбегнуць галопнай інфляцыі і дэвальвацыі. На той момант, напэўна, падзеі ва Украіне дапамагалі нам перавесці ўвагу з эканамічнай плоскасці ў палітычную. Таму не было спробаў разгайдаць эканоміку. Сёлета нават запланаванае ўрадам – рост заробкаў бюджэтнікам, рост пенсіяў – затармазілася ковідам. Літаральна за месяц да выбараў абвесцілі пра павышэнне пенсіяў. Нягледзячы на тое, што ў бюджэце грошай на гэта стала яшчэ менш.

Думаеце, пасля выбараў у нас не паўторыцца 2011 год?

Я спадзяюся, што пасля выбараў ціск на разгон эканомікі спыніцца. Сыдуць палітычныя матывы, і мы зможам пазбегнуць гэтага сцэнара. Паўтарэнне 2011 года ў гэтай сітуацыі значна больш багата негатыўнымі наступствамі. У нас сёння назапашаны значна большы вонкавы доўг, які выяўлены ў асноўным у замежнай валюце. Дэвальвацыя азначае, што нам становіцца значна больш складана яго абслугоўваць і выплачваць.

У якім моманце вы маглі б сказаць, што праблема ковіда з эканамічнай і сацыяльнай перайшла ў палітычную сферу?

У нас заўсёды і паўсюль сферы непарыўна звязаныя, таму рэакцыя на COVID з пункту гледжання эпідэміялагічнага і эканамічнага была палітычна матываваная. Эканамічна складана растлумачыць рашэнні ўраду. Нават у той самай Швецыі ўводзілі значна больш абмежаванняў, чым у нас.

Ёсць тлумачэнне, чаму так адбылося?

Рацыянальных тлумачэнняў для гэтага я не бачу. Мабыць, была такая палітычная пазіцыя, у нейкі момант рабіць выгляд, што праблем няма.