Бюст Яну Баршчэўскаму зрабіў харкаўскі скульптар Уладзімір Райчанка. Фота: Радыё Свабода

Ва Украіне паставяць помнік аўтару “Шляхціца Завальні” Яну Баршчэўскаму, беларуска-польскаму пісьменніку ХІХ стагоддзя, аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Ён памёр ва ўкраінскім горадзе Чуднаве на Жытоміршчыне ў 1851 годзе.

Летась знайшлася яго надмагільная пліта, яе выкупіла мясцовая польская суполка (беларусы спазніліся). Мясцовыя ўлады завяршаюць падрыхтоўчыя працы для ўшанавання памяці Баршчэўскага. Як паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на Радыё Свабода, днямі прэзідэнт фонду Марыі Магдалены Радзівіл Аляксандр Сапега перадаў у Чуднаў апошнія два элементы помніка пісьменніку — бронзавы бюст і інфармацыйную таблічку.

Мясцовыя ўлады спадзяваліся, што ўшанаванне Яна Баршчэўскага будзе супольным беларуска-польска-украінскім праектам. Аднак не атрымалася — польскі бок адмовіўся, кажа Сапега. Праект падзелены на ўкраінска-польскую і беларуска-ўкраінскую часткі.

Помнік Баршчэўскаму каштуе больш за 6 тысяч еўра. Польскі бок адрэстаўраваў надмагільную пліту і плануе яе ўсталяваць побач.

Адкрыццё помніка запланавалі на 12 верасня.

Ва Украіне ўсталююць помнік аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры
Надпіс на інфармацыйнай таблічцы да помніка выкананы на трох мовах: украінскай, беларускай і польскай

Поделиться ссылкой: