Шарль дэ Голь

Шчучынскія ўлады плануюць усталяваць помнік заснавальніку і першаму прэзідэнту Пятай французскай рэспублікі Шарлю дэ Голю да яго 130-годдзя. Рашэнне ўжо прынята і апублікавана на сайце райвыканкама.

Яшчэ летась “Народная Воля” пісала аб тым, што французскі генерал у час Першай сусветнай вайны трапіў у нямецкі палон і з ліпеня па верасень 1916 года знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных, які месціўся на тэрыторыі сучаснага Шчучына, што ў Гродзенскай вобласці.

Дарэчы, месцазнаходжанне лагера дакладна вядома – там зараз стаіць завод “Аўтапровад”. Летась планавалася, што на будынку завода ўсталююць памятную шыльду, а ўздоўж возера высадзяць алею, якую назавуць у гонар генерала дэ Голя, але зараз з’явілася новае рашэнне.

На сайце гарвыканкама гаворыцца, што гэта робіцца ў “мэтах развіцця горада Шчучына як аднаго з турыстычных цэнтраў рэспублікі, прыцягнення турыстаў, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны”.

Улады маюць намер ужо ў ліпені аб’явіць адкрыты конкурс эскізных праектаў помніка. Фінансаванне вырабу і ўсталявання манумента, як паведамляецца на сайце райвыканкама, прадугледжана з пазабюджэтных сродкаў.

Поделиться ссылкой: