Дзмітрый Фурманаў
Дзмітрый Фурманаў

З нядзелі 26 ліпеня ў Мінску пад сценамі СІЗА на вуліцы Валадарскага галадаюць блізкія людзі затрыманага разам з Сяргеем Ціханоўскім Дзмітрыя Фурманава – маці і яго нявеста Вольга. Яны прыехалі ў Мінск з Гродна.

У панядзелак Вольга распавяла “Народнай Волі”, што заставалася пад сценамі Валадаркі ўсю ноч. Побач з ёй знаходзіліся маладыя людзі з Мінска, якія яе не пакідалі.

Бацькоў Дзімы забралі начаваць людзі, а я засталася і са мной былі яшчэ чалавек сем, – распавядае Вольга. – Сёння адчуваю сябе яшчэ нармальна, хаця паспала пад раніцу ўсяго паўтары гадзіны”.

Вольга ўражана тым, што і ўчора, і сёння да яе прыходзяць незнаёмыя мінчане, якія падтрымліваюць маральна, прапануюць дапамогу, запрашаюць пераначаваць, прынеслі вады, падарылі кветкі.

Я вельмі ўражана тым, што староннія людзі аказваюць такую падтрымку і ў мяне проста няма такіх слоў, каб выказаць ім удзячнасць, – кажа яна. – Ніхто з уладаў на нас пакуль увагі не звяртае. Побач ходзяць толькі міліцыянеры”.

Паводле яе, аб сваёй акцыі яны раней паведамілі старшыні Гродзенскага аблвыканкама, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўніку Савета Рэспублікі, міністру ўнутраных спраў, старшыні Следчага камітэта, Генпракурору, старшыні Вярхоўнага суда, а таксама прадстаўнікам ЕС і ААН у Беларусі.

Паводле Вольгі, ніхто з родных іншых сядзельцаў, якіх затрымалі па справе Ціханоўскага, да іх галадоўкі не далучыўся.

Сям’я Фурманавых і нявеста затрыманага выставілі патрабаванні: неадкладна вызваліць з турмы Дзмітрыя Фурманава і такіх як ён палітычных вязняў, якія знаходзяцца ў СІЗА-1, і спыніць супраць іх крымінальныя справы.

Поделиться ссылкой: