Андрэй Дзмітрыеў

Пакуль Святлана Ціханоўская збірае падчас сустрэч з выбаршчыкамі шматтысячныя мітынгі, «Народная Воля» пацікавілася, чым займаюцца астатнія так званыя альтэрнатыўныя кандыдаты.

Паводле слоў Андрэя Дзмітрыева, ён і яго каманда збіраюцца арганізаваць 214 пікетаў, з іх у Мінску – 145.

– Асабіста я ўжо правёў каля 15 сустрэч з выбаршчыкамі ў розных месцах, і асобна выстаўляюцца пікеты, – кажа мой суразмоўца. – На гэтым тыдні плануем ахапіць каля 20 гарадоў.

Мы прыдумалі новы фармат, які называецца «прагулка з кандыдатам». Напрыклад, прыязджаем у малыя гарады і папярэдне ўказваем маршрут, па якім я буду ісці, раздаваць улёткі і размаўляць з людзьмі. І, ведаеце, цаню кожнага, хто прыйшоў на сустрэчу са мной.

– Святлана Ціханоўская збірае шматтысячныя мітынгі, а на вашы сустрэчы прыходзіць усяго некалькі дзясяткаў чалавек. Разумееце, які ў вас рэальны рэйтынг?

– Я разумею, што сёння Святлана знаходзіцца, так бы мовіць, у фаворы ў людзей, яна для іх надзея на перамены. Але я ведаю шмат тых, хто і мне піша і кажа: «Мы, Андрэй, будзем галасаваць менавіта за вас. Калі вы здымеце сваю кандыдатуру, то мы таксама не будзем браць удзел у выбарах».

Таму, на мой погляд, на сёння галоўная задача – не мерацца сіламі, а ўсім разам мабілізоўваць электарат, ісці галасаваць, каб у другім туры падтрымліваць адзінага кандыдата ад альтэрнатыўных сіл.

Мы са штабам Ціханоўскай адзіныя ў мэтах. Тое, што я казаў падчас рэгістрацыі кандыдатаў пра выбары і палітвязняў, затым паўтарылі і аб’яднаныя штабы Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Святланы Ціханоўскай. А зараз нам патрэбна каардынавацца ў дзеяннях.

Мы ўжо прапанавалі шэраг сумесных ініцыятыў – напрыклад, правядзенне адзінага пікета-канцэрта ў падтрымку палітвязняў, каардынацыю давераных асоб па краіне. Праўда, нам пакуль нічога не адказалі.

Поделиться ссылкой: