Фота https://nn.by

У Жлобіне ў Прыдняпроўскім парку 26 ліпеня  прайшоў першы на Гомельшчыне агітацыйны мітынг з удзелам кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і яе паплечніц Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы. Сустрэча хоць і была вызначана мясцовым райвыканкамам на мяжы горада, але сабрала вялікую колькасць людзей – ці не на шмат меншую, чым на рэспубліканскіх “Дажынках” у 2013 годзе.

Са сцэны гучала песня “Муры” ў беларускім перакладзе Андрэя Хадановіча, а грамада скандавала: “Света! Света!”, “Жыве Беларусь!”. Было бел-чырвона-белых сцягоў і плакатаў кшталту: “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму!”, “Пабудуем Краіну для жыцця!”, “Ціханоўскія, мы з Вамі! Вы – глыток свабоды!”. Хтосьці з прысутных нават выкрыкнуў Святлане: “Вы – жонка дэкабрыста!”

У сваім выступе Ціханоўская сказала,  што стала кандыдатам з-за кахання да мужа і любові да беларускага народа. Яна ўвязалася ў цяперашнюю выбарчую кампанію дзеля перамен, правядзення “справядлівых, крыштальна празрыстых выбараў” з удзелам і тых кандытаў, якія знаходдзяцца зараз за кратамі. Людзі самі выберуць прэзідэнтам таго, чыя эканамічная праграма ім прыйдзецца да спадобы, каб Беларусь мела “светлую будучыню“, была бяспечнай для чалавека: каб нікога не хваталі на вуліцах за публічна сказаныя словы.

Святлана заклікала прысутных не галасаваць датэрмінова, бо падчас датэрміновага галасавання адбываецца найбольш фальфальсіфікацый. Прыходзіць на выбарчыя ўчасткі трэба толькі 9 жніўня. І найлепей гэта рабіць “бліжэй да вечара“, каб бачыць ці не распісаўся ўжо хтосьці ў журнале выдачы бюлетэняў.

Поделиться ссылкой: