Фото https://novychas.by

Таварыства беларускай мовы звярнулася да ўсіх удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі і нагадала пра каштоўнасць беларускай мовы: «Кіраўнікі дзяржавы прыходзяць і адыходзяць. А пакуль жыве беларуская мова — жыве і наш народ, жыве і наша краіна».

Таварыства беларускай мовы выступіла з адмысловым зваротам да ўсіх удзельнікаў цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі. ТБМ заклікала галасаваць за тых кандыдатаў, якія карыстаюцца беларускай мовай ды плануюць на дзяржаўным узроўні адстойваць яе каштоўнасць.

“Набірае моц чарговая прэзідэнцкая кампанія. Мы зноў звяртаем вашу ўвагу на галоўную прыкмету нашай нацыі і незалежнасці — беларускую мову. Кіраўнікі дзяржавы прыходзяць і адыходзяць. А пакуль жыве беларуская мова — жыве і наш народ, жыве і наша краіна. Знікне мова — не стане ні народа, ні дзяржавы”, — адзначаецца у звароце Таварыства беларускай мовы.

ТБМ заклікала “ўсіх выбаршчыкаў галасаваць за тых кандыдатаў, якія карыстаюцца беларускай мовай”, а таксама падтрымаць на выбарах тых прэтэндэнтаў стаць кіраўніком дзяржавы, хто “ўключыць у свае праграмы наступныя пункты”:

1. Прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

2. Падтрымаць дзейнасць універсітэта імя Ніла Гілевіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

3. У кожным раённым цэнтры, а таксама ва ўсіх раёнах абласных гарадоў і г. Мінска адкрываць новыя школы і гімназіі з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

4. Вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.

5. Забяспечыць вяшчанне на дзяржаўнай беларускай мове першага беларускага тэлеканала (БТ-1).

6. Усе дзяржаўныя раённыя і абласныя газеты павінны друкавацца па-беларуску не менш, чым 50% тэкстаў у кожным нумары.

Таварыства беларускай мовы адзначае, што падтрыманне гэтых пунктаў стане “найлепшым спосабам сцвердзіць свой патрыятызм і праявіць сапраўдны клопат пра незалежнасць і паспяховае развіццё Беларусі”.