Зміцер Вайцюшкевіч. Фота: https://ultra-music.com

Вядомыя беларусы распавялі «Народнай Волі», ці адпачывалі яны ў гэтым годзе.

Каранавірус унёс карэктывы не толькі ў працу многіх людзей, адправіўшы іх дадому на самаізаляцыю, але і ў адпачынак, бо дзяржаўныя межы зачынены і на тое ж мора не ва ўсе краіны можна выехаць. Як у такіх умовах адпачываюць людзі?

Марыя МАМАШУК, сярэбраны прызёр Алімпіяды-2016 па вольнай барацьбе:

– Адпачынак у мяне быў з 20 красавіка па сярэдзіну мая, але і ў гэты час трэніравалася. А што яшчэ рабіць? Быў, можна сказаць, самы разгар пандэміі. За мяжу не выедзеш, дома таксама стараешся трымаць дыстанцыю ад людзей, каб засцерагчыся ад інфекцыі. Таму кнігі чытала, трэніравалася, каб зусім без справы не сядзець.

Зрэшты, для спартсменаў нічога новага няма, калі ў цябе звычайна адзін маршрут: дом – трэніровачная зала – дом…

Ігар БАРЫСАЎ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

– Калі і з’язджаў адпачыць на некалькі дзён, то толькі ў вёску. Іншая справа, што ў сакавіку па запрашэнні пасольства ЗША паехаў на стажыроўку ў Амерыку. Піка каранавіруса яшчэ не было, хаця менавіта ў той час межы ўжо пачалі закрываць.

І вось тады, нягледзячы на вучобу, удалося ў Маямі адзін раз залезці ў акіян. Калі ўлічваць, што многія беларусы ў гэтым годзе наогул не могуць патрапіць на мора, будзем лічыць, што мне пашанцавала адпачыць на акіяне. Увогуле, мы з сям’ёй калі і выязджаем на мора, то гэта не так часта адбываецца. Апошні раз былі ў Турцыі тры гады таму.

Зміцер ВАЙЦЮШКЕВІЧ, бард:

– Я ўвесь час на хутары жыву, на Нёмане, таму ў мяне тут і праца, і адпачынак. І гэта такі бесперапынны працэс. Раніцай – творчасць. Як казаў кампазітар Яўген Глебаў: «Калі да абеду ты не напісаў хіт, то пасля абеду яго ўжо не напішаш». Таму ў мяне пасля абеду – касьба і іншыя хатнія справы па гаспадарцы. Яшчэ і ад сяброў не адбіцца! У мяне амаль два месяцы жылі Арцём і Ксенія з гурта NaviBand з малым сынам Мацеем.

Ды і турысты прыязджаюць, мы ж прапагандуем і развіваем агратурызм. А куды зараз паедзеш, акрамя Беларусі? Едуць да нас. Таму займаюся не толькі канцэртамі, а і
сантэхнікай, ложкі перасцілаю, мыю падлогі. Як кажуць: калі ты адчуваеш сябе зоркай, то ідзі і памый посуд.

Міхаіл ЧЫГІР, былы прэм’ер-міністр Беларусі:

– Для мяне самы лепшы адпачынак – на лецішчы пад Мінскам. Тут у мяне і куры, і пасека, і сад. Яблыкі, грушы, вішні, чарэшня… Вялікі ўчастак, за якім патрэбны пастаянны дагляд. Таму тут для мяне і маёй жонкі і адпачынак, і фітнес-тэрапія.

***

Газета “Народная Воля” № 56 (4514)

Поделиться ссылкой: