Леанід Судаленка. Фота: svaboda.org

Вядомы беларускі праваабаронца распавёў «Народнай Волі», як пачувае сябе пасля перанесенай хваробы.

– 23 мая ў мяне ўзнялася тэмпература , – успамінае Леанід Судаленка. – Выклікаў урача, той мне выпісаў таблеткі ад прастуды і накіраванне ў паліклініку, дзе я здаў аналізы і зрабіў флюараграфію. Усё быццам было ў норме.

Тым часам тэмпература не зніжалася, а праз тыдзень і наогул пачала даходзіць амаль да 40 градусаў. Стан быў такі, што ледзь прытомнасць не губляў.

Натуральна, хацелася зрабіць тэст на каранавірус і прайсці камп’ютарную тамаграфію, аднак, калі я казаў пра гэта ўрачу, яна прыкладала палец да вуснаў (маўляў, пра гэта не трэба ўслых гаварыць) і адпраўляла мяне з маімі пытаннямі ў Міністэрства аховы здароўя.

Але праз знаёмых я ўсё-такі знайшоў магчымасць зрабіць тамаграфію і тэст, і яны пацвердзілі наяўнасць у мяне каранавіруснай інфекцыі. Каля 20 працэнтаў лёгкіх
нагадвалі матавае шкло. І гэта больш-менш нармальна, бо ў некаторых лёгкія былі пашкоджаны на 85 працэнтаў, людзі знаходзіліся на апаратах штучнай вентыляцыі.

– Так і не трапілі ў бальніцу?

– Урач сказаў, што ў мяне лёгкая форма, а таму прапанаваў мне дамашні рэжым, на які я пагадзіўся. У выніку на бальнічным правёў 23 дні. Увесь гэты час лячыўся дома самастойна, прымаў антыбіётыкі і антыінфекцыйныя лекі, якія выпісаў урач.

Затым далі накіраванне на паўторную камп’ютарную тамаграфію, і яна паказала, што лёгкія прыйшлі ў норму. Я ўжо нават мог бегаць і ездзіць на веласіпедзе. 23 чэрвеня мне закрылі бальнічны.

– Як вы зараз сябе адчуваеце?

– Добра, але ж не ведаю, што будзе далей. У інтэрнэце шмат пішуць пра наступствы каранавіруса, пабачым, ці праўда гэта. Пасля хваробы ў мяне выпрацаваліся антыцелы, хаця кажуць, што і другая хваля каранавіруса можа быць, і сама інфекцыя муціруе. Але, паўтаруся, асабіста я зараз пачуваюся добра.

Мая жонка таксама захварэла на каранавірус, але ў яе хвароба больш цяжка праходзіла, таму ляжала ў бальніцы. Зараз ужо выпісалі, ходзіць на працу.

І два сыны перахварэлі, але без сімптомаў.

– Урачы не тэлефанавалі вам з прапановай здаць плазму?

– Калі б мая плазма спатрэбілася, скажам, нейкаму чалавеку, які памірае, я гатовы быў бы дапамагчы. Але ніхто мне не тэлефанаваў, і сам я таксама нікуды не звяртаўся.

***

Газета “Народная Воля” № 56 (4514)

Поделиться ссылкой: