Фота аўтара

Карэспандэнт “Народнай Волі” наведаў гомельскія стацыянарныя і стыхійныя рынкі, дзе прадаюць дары лесу.

З надыходам лета на ўсіх вялікіх і малых рынках Гомеля сталі прадаваць так званыя дары лесу – чарніцы, лісічкі, краснагаловікі, першыя баравікі. Што называецца, бяры не хачу. Браць грыбы ці ягады, калі яны не правераны на радыяцыю, ніколі не хацелася і не хочацца.

На Цэнтральным рынку каля крамы “Агарод” маладая прадаўшчыца Юля Вараб’ёва нахвальвае чарніцы па 6 рублёў 20 капеек за кілаграм.

– Бярыце – яны з Акцябрскага раёна, чыстыя.

У прыметнік “чыстыя” Вараб’ёва дый усе іншыя гандляры ўкладваюць добра вядомы жыхарам рэгіёна сэнс: гэта значыць, без радыяцыі. Але пасля чарнобыльскай катастрофы на Гомельшчыне сапраўды чыстых ягад і грыбоў няма. Таму і прашу паказаць квіток праверкі чарніц у ветсанлабараторыі.

– У магазіне паглядзіце, – раіць прадавачка.

– Вы ж не маеце права прадаваць без праверкі.

Вараб’ёва знікае ў дзвярах “Агарода” і хутка вяртаецца:

– Пайшла жанчына ў лабараторыю – праз дзесяць хвілін будзе.

Аднак і праз паўгадзіны вынікаў праверкі чарніц на століку прадавачкі не было.

На тэрасе з боку вуліцы Катуніна смуглявыя дзяўчаты прадаюць чарніцы ў пакеце прама з бетоннай падлогі.

– І колькі цэзію ў вашых чарніцах? – пытаюся.

– Два рублі шклянка! – цвердзяць сваё маладыя зборшчыцы ягад.

– Талон праверкі ёсць?

Дзяўчаты паціскаюць плячыма і кажуць, што чарніцы збіралі ў лесе каля вёскі Прыбар.

Бярыце ягадкі-грыбочкі – з радыяцыяй
Фота аўтара

Літаральна ў двух метрах ад моладзі чарніцы і лісічкі прапануе кабета ў гадах. У талоне праверкі запісана, што гэта спадарыня Корхава. А ў лісічках, якія яна выставіла на продаж, да 37 бекерэляў радыецэзію на кілаграм (Бк/кг). Лісічкі сапраўды больш-менш чыстыя, дакладней – умоўна чыстыя.

Тут мушу нагадаць пра рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні ўтрымання радыенуклідаў цэзію-137 у харчовых прадуктах (РДУ-99): свежыя лясныя ягады – 185 Бк/кг, грыбы – 370 Бк/кг. Дарэчы, у Японіі дапушчальны нарматыў у разы меншы – усяго 100 бекерэляў на грыбы і ягады з лесу.

«Напарніца паехала ў лабараторыю»

На невялікім рынку пры вуліцы Юбілейнай з паўдзясятка прадаўцоў прапануюць чарніцы і лісічкі.

У спадарыні Вольгі жоўтапамаранчавыя грыбы ў прыгожых плеценых кошыках нібы самі просяцца: “Вазьмі!” Канешне, пытаюся ў Вольгі наконт праверкі на радыяцыю гэтага ляснога хараства.

– Ой, паехала напарніца ў лабараторыю – хутка прывязе. Харошыя лісічкі, не пашкадуеце. Раней я тут чарніцы прадавала. Праверачны талон вось застаўся.

У талоне значыцца, што Пастушэнка (пэўна ж, мая суразмоўніца) 30 чэрвеня правярала 5 кілаграмаў чарніц у ветсанлабараторыі міні-рынку “Аэрадром”. Але што мне да тых колішніх ягад, калі размову мы вядзём 15 ліпеня пра лісічкі.

Суседні рад таксама прапануе лясныя дары. Прынамсі, індывідуальны прадпрымальнік, які назваўся Сяргеем, выставіў у стандартных пластмасавых скрынках чарніцы. У іх багата лісця ягадніка. Выглядае, што чарніцы збіралі механічнымі прыстасаваннямі, якія часцяком называюць камбайнамі. Цэннік указвае, што гаспадар хоча за кіло ягад 7 рублёў. У поліэтыленавых пакетах – лісічкі, недзе грамаў па 700–800 у кожным. Пяцёрка – і забірай.

Сяргей тлумачыць, што яго, так бы мовіць, давераная асоба павезла лясную прадукцыю на праверку і хутка будзе. А збіралі грыбы і ягады ў Гомельскім раёне каля вёскі Даўгалессе. Там, маўляў, усе збіраюць. І нічога – ніхто не памёр.

Капейчына з лесу – прыбаўка да пенсіі

У густанаселеным спальным мікрараёне “Валатава” каля магазінаў “Бранскі” і “Два гусакі” жанчыны прадаюць лясныя чарніцы ды садовыя ягады наўпрост з асфальту. Гандаль стыхійны: сёння ёсць, заўтра няма. Ніхто з іх дары лесу і агарода не правяраў.

Бабуля паказвае пафарбаваныя чарніцамі пальцы: “Сама збірала, шклянка – паўтара рубля”, – і называе вядомы блізу горада адносна чысты лясны масіў. А так гэта ці не, не вядома.

Пры мікрараёне месціцца вялікі рынак “Прудкоўскі”. Добрая палова яго адведзена пад харчовыя тавары, у тым ліку і гародніну з садавінай. На гэтай жа палавіне пабудаваны не так даўно ладны павільён з надпісам “Сельскагаспадарчая прадукцыя. Арэнда”. Пераважна тут і прадаюць грыбы і ягады ахвотнікі ў летні сезон зарабіць капейчыну на прадукцыі з лесу. Арэнда пагоннага метра прылаўка – ўсяго рубель.

Пенсіянерка Лідзія ў вялікіх аднаразовых шклянках прапануе гараджанам лісічкі. Яны правераныя, радыецэзію ў іх – 45 Бк/кг. Літровы слоік грыбоў з верхам – тры рублі.

– Раней я працавала настаўніцай, – кажа Лідзія. – Пенсія малая – усяго 350 рублёў. Як жыць? Вось і езджу, збіраю грыбы і прадаю. Гэтыя брала ў Рэчыцкім раёне, дзе станцыя Ліскі.

Хаваць інфармацыю – шкодзіць здароўю

На рынку маецца лабараторыя ветсанэкспертызы. Яе загадчыца Ала Красільнікава, зазірнуўшы ў журнал, кажа, што ад раніцы бракаваных праз радыяцыю грыбоў і ягад не было.

Прашу загадчыцу паведаміць пра выпадкі выяўлення самых высокіх паказчыкаў утрымання радыецэзію ў сёлетніх дарах лесу. Адкуль іх вязуць? Людзі павінны ведаць, што радыяцыя нікуды не дзелася, і, крый Божа, не купляць неправераныя дары лесу ні на рынках, ні тым больш па-за іх межамі.

Ала Красільнікава на пару хвілін пакідае аўтара гэтых радкоў у калідоры лабараторыі, а вярнуўшыся, заяўляе: “Не магу даць такой інфармацыі – забаронена”.

Цікаўлюся, канешне, хто забараніў: з мясцовай ветстанцыі? Можа, дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгаса?

– Астапенка, начальнік гарадской ветстанцыі забараніў, – удакладняе загадчыца лабараторыі.

16 ліпеня Дзмітрый Астапенка разложыста тлумачыў, што ён дакладна не ведае, адкуль прывезлі грыбы ды ягады, – усё ж запісваецца са слоў зборшчыка. Нехта мог і ў зону адсялення забрацца і там назбіраць. Мог праверыць адны ягады, а прадаваць іншыя. Лабараторыя магла забракаваць чарніцы ці лісічкі, а зборшчык крутнуўся – і прадае іх даверлівым гараджанам дзе-небудзь пад магазінам ці ў іншым бойкім месцы.

Розныя варыянты можна разглядаць бясконца, але што ўсё-такі фіксуюць лабараторныя прыборы на тым жа Прудкоўскім рынку, ад якога да бліжэйшай чарнобыльскай зоны адсялення (Веткаўскі раён) – два дзясяткі кіламетраў? Хаваць такую інфармацыю, мякка кажучы, – шкодзіць здароўю суайчыннікаў.

Гадзіны праз паўтары Дзмітрый Астапенка ўжо меў звесткі, якія цікавілі газету. Высветлілася, што ветсанэкспертыза зафіксавала чарніцы, у якіх утрымлівалася ад 250 да 500 бекерэляў цэзію-137. У лісічках радыецэзій у асобных выпадках, што называецца, зашкальваў – да 800 бекерэляў. Гэта калі ў кілаграме грыбоў за секунду адбывацца ў сярэднім восемсот радыеактыўных распадаў. Вось такая бывае сёння актыўнасць выпраменьвання ў прыгожых на выгляд грыбочках.

– Агулам у Гомелі нашы лабараторыі выявілі ў правераных 5,8 працэнта чарніц і 13 працэнтаў лісічак, у якіх радыяцыя перавышала дапушчальныя ўзроўні. Якой якасці і чаму прадаюць прадукцыю з лесу па-за тэрыторыямі рынкаў, мы не ведаем і не адказваем за гэта. Няхай з гэтым разбіраецца міліцыя, – кажа Астапенка.

Да сказанага варта дадаць, што добрай радыяцыі не бывае. Навукоўцы ад медыцыны адзначаюць: радыеактыўныя ізатопы ўздзейнічаюць на клеткі чалавечага арганізма
разбуральна, наўпрост атручваюць іх. І найбольшае апраменьванне чалавека адбываецца тады, калі ён спажывае “брудныя” прадукты харчавання, асабліва з лесу.

Медыкі зазначаюць таксама, што больш за ўсё набіраюць цэзію-137 журавіны і чарніцы. Пры аднолькавых умовах вырастання чарніцы здатныя назапасіць радыенуклідаў у 2–3 разы болей, чым маліны і суніцы.

Не выключэнне і ядомыя грыбы. Нават у адносна “чыстых” лясах і лісічкі, і баравікі ў стане набраць столькі радыяцыі, што яна абернецца цяжкімі наступствамі для здароўя.

***

Газета “Народная Воля” № 57 (4515)

Поделиться ссылкой: