У Буда-Кашалёве 22 ліпеня прайшоў першы агітацыйны пікет на Гомельшчыне ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Ладзіўся ён пасля заходу сонца, у прыцемках, а скончыўся, калі было зусім цёмна. Агітаваць за альтэрнатыўнага кандыдата мясцовы райвыканкам дазволіў толькі адну гадзіну, з 21.00 да 22.00, і толькі на стадыёне сярэдняй школы №1.

Буда-Кашалёва: агітацыя ў прыцемкахПрадстаўнікам Ціханоўскай раней давялі, што на тэрыторыі вобласці агітатары за Лукашэнку ўжо замовілі 546 пікетаў. Не заняты час толькі з 8 раніцы да поўдня, увечары –  з 21.00 да 22.00.

Пікет у Буда-Кашалёве паказаў, – зазначыў Юрый Уласаў, давераная асоба Святланы Ціханоўскай, – што людзі гатовыя прыходзіць і ў тры гадзіны ночы. Але гэта яўная непавага найперш да выбаршчыкаў, бо калі ўжо бабулі пачынаюць лаяцца на такія парадкі, то гэта шмат аб чым гаворыць. Улады, відаць, напалохаўшыся шматлюдных пікетаў на зборы подпісаў, імкнуцца зараз адыграцца, збіць пратэстныя настроі, абмежаваць прысутнасць на перыяд агітацыі. Думаю, мы і з гэтым справімся”.

На пікеце ў Буда-Кашалёве, нягледзячы на змярканне, сабралася каля сотні мясцовых жыхароў. Давераныя асобы распавялі прысутным пра Святлану Ціханоўскую і яе мужа, пасаджанага ўладай за краты, як пра “людзей з народу” – яны жадаюць свабодных выбараў і перамен. Улада мусіць служыць народу, а не наадварот.

Мясцовы рамеснік, шматдзетны бацька Ягор прыйшоў на пікет з усёй сям’ёй. Ён тлумачыў, што надакучыла бюракратыя: “У выканкам прыйдзеш на прыём а 8-й, а прымуць цябе ў 10 гадзін – усё каву п’юць!”. Мужчына быў у Еўропе, ведае, што там людзі працуюць да 16 гадзін, улетку – адпачываюць. “А ў нас бяруць водпуск, каб ехаць ў Расію і грошы зарабіць”, – сказаў рамеснік.

Іншыя жыхары райцэнтра зазначалі, што краіна несвабодная, нельга  выйсці і сказаць праўду, бо забяруць у міліцыю, будуць ціснуць на блізкіх. Людзі стаміліся ад бяспраўя, безграшоўя, жадаюць пакінуць сваім дзецям вольную і заможную краіну.

Чарговы пікет за Ціханоўскую ўзгоднены на вечар 24 ліпеня ў Добрушы.

Поделиться ссылкой: