Ілюстрацыйны здымак

Жыхары вёскі Васілеўшчына Бярэзінскага раёна распавялі “Народнай Волі”, як іх жыццё змяніў каранавірус.

У рэдакцыю паступіла інфармацыя, што ў гэтай вёсцы многія захварэлі на каранавірус, і мы вырашылі высветліць, ці так гэта.

“Захварэлыя, безумоўна, ёсць, але я не назвала б гэта масавай з’явай, – кажа прадаўшчыца мясцовага магазіна. – Ведаю, што адна сям’я да гэтага часу хварэе, а таксама нейкі “вірусны” хлопец з Мінска сюды прыязджаў. Вось і ўся масавасць.

Васілеўшчына – не самая малая вёска, каля ста чалавек тут жыве, але ў тых, каго правяралі, як быццам нічога не знайшлі”.

Мая суразмоўніца адзначае таксама, што многія ў магазін прыходзяць без масак і не асабліва клапоцяцца пра тое, каб прымаць усе меры засцярогі.

“Летам пра гэта забываюць”, – робіць выснову жанчына.

Мясцовая жыхарка Алена Кудзіна працуе на ферме мясцовай гаспадаркі цялятніцай, яе муж там жа – трактарыстам. Абодва захварэлі на каранавірус.

– Я ўжо амаль тры тыдні за вароты не выходжу, – кажа Алена Міхайлаўна. – Нават і не ведаю, дзе гэтую заразу падчапілі, бо нікуды не выязджалі, увесь час у вёсцы былі – або дома, або на працы. Але ж летам у мястэчка і гарадскія дзеці сталі прыязджаць, і свае з Мінска наведваюцца. Праўда, ім рабілі тэст, усе здаровыя. А вось у нас з мужам знайшлі каранавірус.

– Былі сімптомы?

– У адзін момант я наогул перастала адчуваць пахі і з’явілася вялікая слабасць. Звярнулася да ўрача ў раённую бальніцу, мяне накіравалі на здымак. Дыягназ быў такі: двухбаковая пнеўманія і востры бранхіт. Пры гэтым зрабілі тэст на каранавірус, і ён даў станоўчы вынік.

Пасля зрабілі тэст мужу, таксама пацвердзіўся каранавірус, хаця ў яго хвароба праходзіла зусім без сімптомаў: ні тэмпературы, ні кашлю, усе пахі адчуваў. Таму, як бачым, кожны арганізм рэагуе па-свойму. Але ні я, ні муж у бальніцы не былі. Нам выпісалі антыбіётыкі, і мы дома іх прымалі.

– У вёсцы правяралі астатніх жыхароў?

– Ведаю, што на нашай працы няма больш хворых, і пра новых захварэлых не чуваць. Ды і, шчыра кажучы, я зараз нідзе не бываю, бо мне трэба дома сядзець на самаізаляцыі. Тупаю па сваім двары, нават у магазін не хаджу. Дзеці прывязуць прадукты, паставяць ля варот і назад – у Мінск. Але ў нас свая гаспадарка, таму з ежай праблем няма. А на пачатку наступнага тыдня наогул абяцаюць ужо закрыць бальнічны.

Ведаеце, што для мяне самае цяжкае было падчас хваробы? Людзей не бачыць!

Поделиться ссылкой: