Так выглядала праца, якую знялі з выставы / facebook.com/sergey.belaoki

Працу мастака Сяргея Белавокага знялі з выставы “Трыенале сучаснага мастацтва”, якая адчыняецца сёння ў Палацы мастацтваў у Мінску — “каб пазбегнуць магчымых правакацый”.

Пра гэта творца сам паведаміў у сацсетках, перадае “Еўрарадыё”.

Сяргей Белавокі — член Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за 2017 год у намінацыі “Навацыя”.

Выстава “Трыенале сучаснага мастацтва” праводзіцца па выніках рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў 2019-2020 гг. У шорт-ліст конкурсу ў намінацыі “Актуальнае мастацатва” трапіла праца Белавокага “Вітраж-АТ”.

Як бачна на фота, гэта некалькі амапаўскіх шчытоў, месцамі пабітых камянямі.

“Аднак за некалькі дзён да адкрыцця дырэкцыя конкурсу папрасіла мяне добраахвотна зняць працу, “каб пазбегнуць магчымых правакацый!”, на што я адказаў катэгарычнай адмовай.

У выніку арганізатары выставы знялі маю працу з конкурсу з фармулёўкай (цытую): “Ваша праца на трыенале сучаснага мастацтва была прадстаўленая не ў поўным аб’ёме (у частцы адсутнасці камянёў як элемента твора)”, — піша Белавокі.

Ён абураны і не згодны дзеяннямі дырэкцыі Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва”. На думку Белавокага, гэтыя дзеянні вяртаюць цэнзуру ў беларускае выяўленчае мастацтва і груба парушаюць артыкул 51 Канстытуцыі, які гарантуе свабоду мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці.

Поделиться: